ЗНАЁМЫЯ ДАРОЖКІ

У расейскіх СМІ апошнімі днямі вядзецца абмеркаваньне падрыхтоўкі “оппозіціі” перад парляманцкімі выбарамі. Зноў загучала імя міністра вайны РФ С. Іванова, якога паводле кулуарных зьвестак сватаюць у генсекі “левых сілаў” (што ствараюцца цяпер з партыі Жізні, партыі Родіны і партыі пэнсінераў). Іваноў, прыхоплены на гарачым учынку, залемантаваў: “Чушь собачья!..” Але журналісты зь ліку кемлівых працягваюць тэарэтызаваньні. І робяць выснову, што крамлёўская ўлада займаецца “глябальнай падменай паняцьцяў”, прасьцей кажучы, зьбіраецца надурыць расейскае грамадзтва. На чале нібыта “оппозіціі” зьбіраюцца паставіць “верного путінца”, “крамлёўскага ястраба” зьбіраюцца выставіць яго самым левым.

Якое гэта ўсё нам знаёмае: рэжым і прысьцёбнутая да рэжыму псэўдаапазыцыя. Як і ў РБ, гэтак цяпер і ў пуцінскай РФ, на стварэньне “апазыцыі” ёсьць у наяўнасьці санкцыя ФСБ. Не хапае толькі незабыўнага Ганса Віка. А шкада, ён бы скамандваў па-пруску, і журналісты ня піскнулі б (як гэта адбылося ў Беларусі). Знаёмыя сцежкі-дарожкі лубянскіх “оппозіціонеров”.

Янка Базыль