ВЫНІКІ 27-Й СУСТРЭЧЫ БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ.

2-3-га верасьня ў Нью Брансьвіку (ЗША) адбылася 27-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі. Асаблівую занепакоенасьць удзельнікаў выклікала пагроза беларускай незалежнасьці з боку Расеі, яе пляны правядзеньня пры дапамозе антыбеларускага рэжыму незаконнага рэфэрэндуму на Беларусі аб так званым “канстытуцыйным акце” як казуістычнай спробы ліквідацыі беларускай дзяржавы. Палітычная агрэсія пуцінскага рэжыму супраць Беларусі павінна быць спыненая. На Сустрэчы прынялі два дакуманты — рэзалюцыю і зварот. У рэзалюцыі дадзены аналіз і ацэнка сітуацыі на Беларусі (гл. www.prauda.org).

Звяртаем увагу на наступнае палажэньне рэзалюцыі:

“Заклікаем урады ЗША, Канады й краінаў Эўропы заяўляць аб недапушчальнасьці незаконнага рэфэрэндуму пра так званы “канстытуцыйны акт” незаконнай так званай “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі”. Таксама заклікаем урад ЗША гарантаваць забесьпячэньне прынцыпаў Будапэшцкай дэклярацыі 1994 году аб гарантыях сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Ніжэй зьмяшчаем тэкст звароту аб выратаваньні беларускай культуры.

Аб выратаваньні Беларускай культуры ад вынішчэньня

(зварот)

Антыбеларускі рэжым, які існуе на Беларусі, мэтанакіравана і сістэматычна вынішчае беларускую культуру. Гэтая палітыка ёсьць злачынствам супраць нацыі і зьяўляецца часткай этнацыду — пазбаўленьнем народа культурных здабыткаў і культурных каштоўнасьцяў.

Кожны год зачыняюць беларускія школы (у Менску цяпер засталіся толькі чатыры), ліквідуюць беларускія арганізацыі, якія зьяўляюцца культурнай асновай нацыі. Гэтак вынішчаюць нацыянальную навуку ў Акадэміі Навук, разбураюць Рэдакцыю Беларускай Нацыянальнай Энцыкляпэдыі, зачыняюць беларускія часопісы і газэты, разбураюць Саюз Пісьменнікаў Беларусі. Апошнія падзеі: Рэжымныя ўлады Лукашэнкі адабралі ў пісьменьнікаў Дом Літаратара, пісьменьнікаў выкінулі на вуліцу, унікальная бібліятэка пісьменнікаў (каля 40 тысячаў кніг) і архіў ліквідаваныя, зьнішчаны мэмарыяльны пакой Максіма Танка. Над усім беларускім чыніцца адкрыты зьдзек.

Працягваецца грубае вынішчэньне беларускай мовы рэжымам. Апошняя падзея: некампэтэнтны ў мове і культуры чалавек на пасадзе прэзыдэнта загадаў на працягу двух тыдняў зрабіць рэформу правапісу беларускай мовы. Па прыкладу колішніх сталінскіх сатрапаў (якія таксама “рэфармавалі” нашу мову) Лукашэнка, які заявіў пра сваю непавагу да беларускай мовы, хоча зацьвердзіць гэты свой правапіс у якасьці абавязковай нормы.

Сталінізм сваімі шорамі ставіў задачу спыніць існаваньне і разьвіцьцё беларускай мовы, паралізаваць беларускую літаратурную творчасьць. Тое ж самае робіць прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі.

Мы зьвяртаемся да ўсіх суайчыннікаў на Бацькаўшчыне і за мяжой, да ўсіх беларусаў на ўсім сьвеце.

Абаронім беларускую мову і культуру! Не дадзім яе зьнішчыць антыбеларускім сілам і вечным непрыяцелям нашай Бацькаўшчыны! Памятайма, што Беларусь, наша мова і культура жывуць датуль, пакуль жывем мы, пакуль любім і баронім Беларусь.

Дапамагайма сабе ўсімі сіламі, разумам, духам і сродкамі. Набліжайма вяртаньне да лепшага, годнага жыцьця. Набліжайма сьветлую будучыню Беларусі!

3-га верасьня 2006 г.

Нью Брансьвік