ЧАКАЮЦЬ НА “ТОЛКОВЫХ ЛЮДЕЙ”

7 верасьня ў Баранцавым моры загарэлася расейская атамная падводная лодка. Паводле афіцыйнай статыстыкі, загінулі два вайскоўцы (праўды мы, мабыць, ніколі не даведаемся). Пагарэлую лодку загналі на ваенную базу ў Ведзяева, што ў Мурманскай вобласьці. Дзесяткі тысячаў беларусаў ўсіх пакаленьняў памятаюць Мурманскі бераг, казармы, базы, сьцюжу, дзікі мат і ўсю гнюснасьць расейскага войска і флёту. Нашых людзей там было заўсёды процьма. Беларускі жаўнер, беларускі матрос, нашы афіцэры, — цягавітыя, дысцыплінаваныя, мужныя людзі, — заўсёды былі прыярытэтным матэр'ялам для маскоўскага міністэрства вайны. Цяперашні міністар Іваноў ажно трусіцца, хацеў бы вярнуць нашых вайскоўцаў у расейскае рабства. Днямі ён з аптымізмам (і крыху таямніча) заявіў па расейскіх тэлеканалах: “Скоро, очень скоро в наших вооружённых силах появится много образованных и толковых людей...” Пра каго гэта ён, пра што? Можа на пьяным расейскім канвэеры раптам наштампавалі легіёны інтэлектуалаў, што рвуцца ў казармы і на Каўказкую вайну? Гэта сумніўна, так не бывае. Іваноў меў на ўвазе нас, нашу моладзь, якую крамлёўскім жыхарам карціць як мага хутчэй зноў загнаць пад сваю каманду. Трэба нам быць пільнымі і бараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Янка Базыль