“МЯРКУЙЦЕ ПА ІХНІХ СПРАВАХ...”

11 верасьня 2006 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведамляе пра перамогу кааліцыі “За эўрапейскую Чарнагорыю” на першых парляманцкіх выбарах пасьля абвяшчэньня незалежнасьці краіны ў чэрвені сёлета. Узначальвае кааліцыю Міла Дзюканавіч, цяперашні прэмьер-міністар Чарнагорыі. Народ пацьвердзіў свой давер палітыку, які упэўнена і рашуча вёў Чарнагорыю да незалежнасьці.

Наш камэнтар: Ніхто не дадумаўся б называць у Чарнагорыі галоўным нацыяналістам якога-небудзь прабелградскага палітыка, які касьцьмі клаўся за захаваньне сэрбскай імпэрыі, дзейнічаў пад камандай белградскіх каляніялістаў насуперак руху за незалежнасьць краіны. Там такое немагчыма. Але такое, аказваецца, магчыма для шэрагу грамадзянаў Беларусі. Пад барабанны бой прамаскоўскай гебэльсаўшчыны некаторыя людзі (часам нават маладыя) імпэтна заяўляюць: “А мы за Лукашенко, мы за всё белорусское! Ведь нет большего націоналіста, чем Лукашенко...”

Містычная пустата гэтай “ідэялягемы” (знакамітае слоўца аднаго з блытанікаў лукашызму Падгола, празванага ў інтэлектуальных элітах “Падлог”) як правіла не вытрымлівае цярплівага аргумантаваньня і простых фактаў жыцьця: пры Лукашэнку пачалося закрыцьцё-зьнішчэньне ўсяго беларускага — школаў, часопісаў, культурных цэнтраў і саюзаў, апляваньне нашага народу, звыродлівае глумленьне зь беларускай мовы, разбурэньне нашай нацыянальнай эканомікі і незалежнай Дзяржавы. І ўсё гэта пад непасрэдным кіраўніцтвам з Крамля-Лубянкі. Людзі слухаюць аргуманты, ківаюць галавой і ўрэшце пагаджаюцца. Ачмурэньне ад дэмагагічнага рэжымнага туману разьвейваецца, настае разуменьне драмы нашага нацыянальнага жыцьця. А найбольш дзейсным спосабам вяртаньне ў рэчаіснасьць ёсьць старажытны прынцып, адлюстраваны яшчэ ў Бібліі: “Мяркуйце па іхніх справах...”

Юрка Марозаў