ІДЭАЛЁГІЯ МЕРЦЬВЯКОЎ

11 верасьня 2206 г. Швэйцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” піша пра 30-я ўгодкі сьмерці Мао-дзэ-Дуна. У Пэкіне і ў вёсцы, дзе нарадзіўся “вялікі кормчы”, сабралася некалькі тысячаў асобаў. Афіцыйных прадстаўнікоў сярод іх не было. У СМІ таксама не назіралася мэмарыяльных сюжэтаў. Тэлебачаньне і газэты нават не згадалі пра ўгодкі. Швэйцарскія журналісты робяць выснову, што галоўнай прычынай афіцыйнага замоўчваньня колішняга чырвонага правадыра ёсьць страх уладаў перад мільёнамі ахвяраў “культурнай рэвалюцыі”, якія засталіся жывымі. Менавіта сорак гадоў таму (1966 г.) пачалася гэтая жудасная барацьба мааістаў па зьнішчэньні помнікаў старажытнай кітайскай культуры, лютай забароне традыцыяў і спадчыны, зьнішчэньне інтэлігенцыі і працавітай эліты ва ўсіх слаях грамадзтва. Вынікам былі мільёны загубленых і скалечаных жыцьцяў, а таксама развал эканомікі вялікай краіны, голад і сацыяльны крызіс. Але шалёныя ідэі Мао ўжо губляюць нават дэмагагічную вагу. Імя і выява Мао паступова сьціраюцца са старонак сёньняшняй гісторыі Кітая.

Наш камэнтар: У Беларусі працягваецца штучнае панаваньне выклятых ва ўсім цывілізаваным сьвеце палітычных мярцьвякоў. У беларускіх гарадах і паселішчах адусюль на наш народ утаропіліся жалезныя і бэтонныя леніны, калініны, кіравы. Іхняе “дело жівёт і побеждает”. Нашу моладзь зноў заганяюць у піянэры і камсамольцы-лукамольцы. Глядзець на гэта прыкра, часам сьмешна. Але вось нават кітайскія товарішчі баяцца справядлівай помсты мільёнаў людзей, якія пакутавалі пад “культурнай рэвалюцыяй”. Яны паціху хаваюць у цёмны кут пасярод павуціны і вільгаці ідэялягічных балваноў маскоўска-бальшавіцкай мінуўшчыны.

На Беларусі маскоўцы-ленінцы працягваюць куражыцца. Некаторыя (як Калякін) нават удаюць з сабе “дэмакратычную апазыцыю”. Гэтая публіка не баіцца народнага гневу нягледзячы на безьліч злачынстваў, зьдзейсьненых супраць беларускага народу. Злачынная дзейнасьць прамаскоўскай хеўры працягваецца на новым этапе з мэтай канчатковага паняволеньня нашага народу маскоўскай імпэрыяй. Толькі яны памыляюцца наконт бязьмежнай цярплівасьці беларусаў.

Юрка Марозаў