РАЗБУРЭНЬНЕ ХРЫСЬЦІЯНСТВА

24 верасьня 2006 г. Гішпанская газэта “АВС” публікуе грунтоўны артыкул пра лёс хрысьціянаў у мусульманскіх краінах. Артыкул пачынаецца з гістарычнага параўнаньня. Найбольшую колькасьць хрысьціянскіх пакутнікаў за Веру дае менавіта ХХ стагоддзе, час панаваньня антыхрысьціянскіх камуністычных рэжымаў. Колькасьць ахвяраў гэтых рэжымаў значна перавышае статыстыку рымскіх ганеньняў і рэлігійных войнаў сярэднявечча.

Але ў апошнія дзесяцігоддзі трывогу выклікае лёс хрысьціянаў у шэрагу мусульманскіх краінаў. Напрыклад, у Саўдаўскай Аравіі жывуць паўмільёна вызнаўцаў Хрыста. Прадстаўнікі Ватыкану адэкватна сьцьвярджаюць, што яны “жывуць, як у катакомбах”. Удзельнічаць у багаслужбах хрысьціяне маюць магчымасьць толькі на тэрыторыі замежных дыппрадстаўніцтваў. Але й гэта небясьпечна, таму што за грамадзтвам сочыць рэлігійная паліцыя “Мутава”. За прыналежнасьць да хрысьціянскага веравызнаньня ў краіне вызначаны вырак сьмерці. У Іране, Судане, Маўрытаніі, Емэне, Пакістане, Інданэзіі і іншых краінах Азіі і Афрыкі улады і грамадзтва трактуюць хрысьціянскія абшчыны як “адступнікаў”, абмяжоўваюць іх у грамадзянскіх правах, рэгулярна перасьледуюць і забіваюць хрысьціянаў.

У шэрагу краінаў перасьлед і забойствы за веравызнаньне зьяўляюцца часткай міжэтнічных канфліктаў і генацыду (як у Дарфуры). Хрысьціяне вымушаны ўцякаць з гэтых краінаў. У апошнія гады гэтыя падзеі дасягнулі такіх маштабаў, што ў краінах Азіі і Афрыкі могуць проста зьнікнуць хрысьціянскія абшчыны і цэнтры, якія існавалі на працягу 2000 гадоў (!). У краінах Эўразьвязу існуе праблема так званых “патаемных хрысьціянаў”. Гэта — мусульмане, якія прынялі Хрысьціянства. Яны вымушаны хавацца і могуць разьлічваць толькі на помсту сваіх ісламскіх суайчыньнікаў (на тэрыторыі краінаў Эўразьвязу!). У той жа час, калі эўрапейцы прымаюць Іслам, яны адразу трапляюць у цэнтр увагі мусульманскіх абшчынаў Эўропы і займаюць там ганаровыя пазыцыі.

Наш камэнтар: Рэдкі для Захаду па глыбіні аналітыкі матэр'ял! Сапраўды, калі “правы чалавека” і “шматрасавае грамадзтва”, то гэтак павінна быць для ўсіх і па ўсім сьвеце. А на самой справе: апошнія недабітыя хрысьціяне уцякаюць з ісламскіх краінаў, і з тых жа краінаў мільёны асобаў мусульманскага веравызнаньня перасяляюцца ў Эўропу і Амэрыку і ствараюць тут свае кварталы, потым мястэчкі, потым гарады і г.д. Што ж гэта за “правы”, што ж гэта за “грамадзтва”?

У той жа час у краіны Эўразьвязу ня можа прыехаць культурны і эўрапейскі хрысьціянін-беларус нават у турыстычную паездку, бо яму адмовілі заходнія кансуляты пасьля разгляду кіпы ягоных (зьневажальных і ідыёцкіх па сутнасьці) даведак. Слава Богу, Ватыкан, Папа Рымскі, дзеячы нацыяналістычных і хрысьціянскіх партыяў пачалі апошнім часам ўсё больш настойліва агучваць праблему. Мільёны эўрапейцаў пачынаюць бачыць згубнасьць брусэльскай эўрапалітыкі. Бясконца так працягвацца ня можа.

Валеры Буйвал