ЗНАЁМАЯ ЛЕКСІКА

5 кастрычніка 2006 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” паведамляе пра ўчорашнюю пастанову Дзярждумы Расеі па Грузіі. У тэксьце ёсьць пагроза прыняць “больш суровыя захады” супраць каўказкай краіны. Дзеяньні грузінскай улады кваліфікуюцца як “дзяржаўны тэрарызм”. Грузінаў абвінавачваюць у “правакацыях і шантажы” у адносінах да расейскіх войскаў на тэрыторыі Грузіі. За пастанову прагаласавалі 418 дэпутатаў, адзін супраць і адзін устрымаўся.

Наш камэнтар: Знаёмыя прыёмчыкі і лексіка нямецка-фашыстоўскіх і маскоўска-фашыстоўскіх агрэсараў. Пачынаючы чарговую агрэсію супраць сувэрэннай краіны гітлерскае кіраўніцтва і гебэльсаўская прапаганда заяўлялі, што гарматы пачалі страляць, а танкі рушылі ў наступ, таму што Данія або Польшча “не адказалі на мірныя прапановы Рэйха”. “Во імя міра і народного счастія” пачынала ў 1939 г. сваю зімовую вайну й саўдэпія, абвінавачваючы Фінляндыю ў правакацыях і антысавецкіх дзеяньнях. Што да парляманцкіх гістарычных паралеляў, то пры Гітлеры і Сталіне такія інстытуцыі ўжо ня мелі ніякай вагі і нічога не вырашалі. Трэба ўспомніць нямецкі Рэйхстаг 1914 года. Тады за ваенную палітыку кайзэра таксама прагаласавалі ўсе пагалоўна дэпутаты. Як памятаем, усе гэтыя прыёмчыкі і лексіка прывялі антычалавечыя імпэрыі да жудасных катастрофаў.

Юрка Марозаў