КСЭНАФАБІЧНЫЯ РЭПРЭСІІ Ў РАСЕІ

4 кастрычніка 2006 г. Дацкая газэта “Politiken” піша на тэму расейскай агрэсіі супраць грузінскага народу. Днямі з расейскіх школаў у Грузіі выключылі і не дапусьцілі да заняткаў грузінскіх вучняў. Грузінаў пачалі актыўна перасьледваць на тэрыторыі Расеі. Ужо арыштавана шмат грузінскіх “гастарбайтэраў” у Маскве і іншых месцах, улпады пагражаюць зачыніць грузінскія рэстараны і іншыя аб'екты ў РФ. Антыгрузінская гістэрыя ўзмацняецца. Грузіны, — знаёмыя дацкіх журналістаў, — баяцца выходзіць на маскоўскія вуліцы і больш за ўсё хвалююцца за сваіх дзяцей. ЗША і Эўразьвяз выступілі з крытыкай расейскага транспартнага і эканамічнага байкоту Грузіі.

Наш камэнтар: Як гэта часта бывае з заходняй інфармацыяй, не адразу было зразумела, пра якія гэта яны расейскія школы ў Грузіі? Вядома, што ў каўказкай краіне адукацыя на расейскай мовe перастала існаваць з 1991 г. Пасьля ўдакладненьняў высьветлілася, што некаторыя грузінскія семьі пасылалі сваіх дзяцей вучыцца ў расейскія школы на тэрыторыі расейскіх вайсковых гарнізонаў (хацелі далучыцца да “вялікай пэдагагічнай традыцыі”). Цяпер гэтыя аматары адукацыі на “веліком і могучем” атрымалі па поўніцы за “любовь к русскості”. Яны бегаюць і тэрмінова ўладкоўваюць дзетак у грузінскія школы. Вось такія паводзіны “велікіх і могучіх” з тымі, хто яшчэ мае пэўныя ілюзіі наконт “народ іздревле нам родной”. Грузінам (а таксама ўкраінцам, беларусам, таджыкам і іншым) трэба ўрэшце зразумець, што трэба як мага хутчэй і як мага грунтоўней пазбаўляцца ад любой залежнасьці ад расейскай імпэрыі: не шукаць там працы, каб ня быць абрабаваным і забітым; ня жыць там, каб не баяцца за сябе і сваіх дзяцей; не запісваць малых у іхнія школы... Можна быць упэўненым, што апошнія драматычныя падзеі шмат чаму навучаць грузінскі народ.

Валеры Буйвал