САЛІДАРНАСЬЦЬ З ГРУЗІЯЙ І СВАБОДАЙ (ЗАЯВА)

Палітычная агрэсія супраць Грузіі, разьвязаная ўладамі Расеі, забойствы, арышты, пагрозы і высяленьне грузінскіх людзей з Расеі як помста за правал і арышт рускіх шпіёнаў у Грузіі — усё гэта сьведчыць пра сістэмную фашызацыю расейскага грамадзтва і расейскай улады.

Расея перад усім сьветам выразна паказала свой нецывілізаваны твар, ксэнафобію і шавінізм, грубую непавагу да іншых народаў. Расея зноў засьведчыла, што зьяўляецца агрэсіўнай краінай, якая пастаянна пагражае міру ў асобных месцах і па ўсім сьвеце, зьяўляецца крыніцай войнаў, напружанасьці і тэрарызму. Падзеі паказваюць, што найбольш агрэсіўныя і безадказныя колы ў Расеі гатовыя разьвязаць новую вайну на Каўказе, на гэты раз супраць Грузіі.

Мы падтрымліваем вольную дэмакратычную Грузію і ўвесь свабодалюбны грузінскі народ у ягонай абароне грузінскіх дзяржаўных каштоўнасьцяў, незалежнасьці і цэласнасьці Грузіі.

Мы не прымаем і асуджаем агрэсіўную, грубую палітыку крамлёўскіх кіраўнікоў, накіраваную супраць Грузінскага народу і міру на Каўказе.

Мы зьвяртаем увагу на ролю падпальшчыка ваенных канфліктаў і стваральніка напружанасьці, якую пастаянна адыгрывае Расея за часы кіраўніцтва Пуціна і КГБ. Расеяй кіруе небясьпечная для свабоды і міру ўлада, якая не мае ніякіх дачыненьняў да дэмакратыі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 кастрычніка 2006 г.

Менск