ФЛАМАНДСКІ ІНТЭРАС

9 кастрычніка 2006 г. Нарвэжская газэта “Nationen” публікуе артыкул пад тытулам “Наступ правых экстрэмістаў у Флaндрыі”. На апошніх мясцовых выбарах у гэтым рэгіёне Бэльгіі 33,5% галасоў атрымала нацыяналістычная партыя “Vlaams Belang” (“Фламандскі Інтэрас”).

Наш камэнтар: Што ж гэта за экстрэмісты такія? Можа яны патрабуюць чалавечых ахвярапрынашэньняў або труцяць ваду ў калодзежах? Аказваецца, “экстрэмальным” у праграме нацыяналістаў зьяўляюцца наступныя патрабаваньні: спыніць іміграцыю на тэрыторыю маленькай Фландрыі (менш за Летуву), каб чужынцы, што жывуць у Фландрыі, вучыліся размаўляць па-фламандску і прымалі заходнія каштоўнасьці. А хто ня хоча рабіць гэтага і ня хоча працаваць (жыве на так званым “сацыяльным пайку”), той павінен пакінуць Фландрыю.

Чаму ж так накінуліся на нацыяналістаў аматары “правоў чалавека” ўсіх гатункаў? Адна з прычын у тым, што фламандскія нацыяналісты выступаюць за выйсьце Фландрыі з каралеўства Бэльгіі і стварэньне сваёй дзяржавы. Вядома, што палова Бэльгіі — гэта франкамоўная Валонія, жыхары якой ненавідзяць фламандцаў і адмаўляюцца размаўляць па-фламандску. Фламандцы плоцяць ім узаемнасьцю. Канфлікт працягваецца ўжо дзесяцігоддзямі. Для нас цікава, што ўсё гэта адбываецца ў краіне, дзе сталіцай ёсьць Брусэль. Бюракратычны Брусэль ня здольны вырашыць унутраны дзяржаўны канфлікт, Бэльгія распадаецца. А яны тамака на эўраалімпе з надзьмутым выглядам разам з Расеяй спрабуюць дзеліць Эўропу на сфэры ўплыву і эксплуатацыі, вызначаюць месца Беларусі ў сібірскай тайзе і г.д. Чарговы абсурд...

Юрка Марозаў