“РАСЕЙСКАЯ МАФІЯ ПАЦІРАЕ РУЧКІ”

5 кастрычніка расейскія тэлеканалы паказалі задаволенага сабой Грызлова, старшыню Дзярждумы РФ. Ён весела сьмяяўся з трыбуны ва Ўладзівастоку. Абяцаў, што ў Прымор'і будзе разьмешчана адна з чатырох “ігровых зон” Расеі. Падобна, што нафтадаляраў насыпалася ў крамлёўскую казну столькі, што яны ня ведаюць, куды гэта ўсё дзяваць. Вось і вырашылі гукнуць “гуляй, Вася!”

Усё расплянавалі. На пустым месцы ў згаданых чатырох зонах павінны быць пабудаваны новыя гарады накшталт Лас Вэгаса ў амэрыканскай пустыні. Кіраваць будоўляй будуць тыя з алігархаў, хто атрымаў шалёныя грошы. Закруцяцца рулеткі, застракацяць гульнявыя аўтаматы, замільгаціць імпэрыя забаваў.

За доўгія дзесяцігоддзі мы бачым першы адэкватны плян крамлёўскіх гаспадароў — гэта вам не “пабудова камунізма”. Памятаем, што Лас Вэгас і падобныя цэнтры будаваліся ў Амэрыцы (і ва ўсім сьвеце) на грошы мафіі, якая прагнула пазабаўляцца і заадно зарабіць яшчэ шалёных грошай. Расейская мафія пацірае ручкі. У Крамлі мяркуюць, што будаваць сібірскія лас вэгасы для расейскіх бандытаў і прастытутак павінны будуць беларускія і ўкраінскія рабочыя (расейскіх проста няма ў прыродзе). Нашы юнакі і мужчыны павінны будуць укалваць, а расейскія рабаўладальнікі будуць піць шампан і забаўляцца — вось такую гістарычную пэрспэктыву малююць авантурысты ў “саюзнай дзяржаве”.

Янка Базыль