МАБІЛІЗУЮЦЬ ЧОРНУЮ СОТНЮ

7 кастрычніка “Союз казацких войск России” аддаў загад па сваіх структурах: “Находиться в полной готовности, чтобы выступить на защиту Абхазии и быть готовыми поддержать наших собратьев всеми доступными способами”.

Мы добра ведаем па Беларусі, адкуль узяліся і кім сфармаваныя гэтыя “казачкі”. Лубянская кантора даволі даўно мабілізавала адстаўнікоў-асаднікаў, раздала ім порткі з лампасамі і нагайкі і загадала тусавацца каля будынкаў РПЦ (удаваць “самодержавіе, православіе і народность”). Нехта спачатку сьмяяўся з гэтага карнавала. А потым да ўсіх дайшло, што гэта сур'ёзна. Што і ў нашай краіне гэтыя структуры створаны КГБ дзеля таго, каб у пэўны момант “поддержать собратьев всемі способамі”. Там, дзе маскоўская імпэрыя ня можа пакуль ў адкрытую зьнішчаць народы, яна выкарыстоўвае падстаўных нібыта “дабраахвотнікаў” у экзатычных строях і розныя чорныя сотні. Толькі чарнасоценцы павінны ведаць, што ў Грузіі і Беларусі ім наканавана параза разам з іхнымі лубянскімі гаспадарамі.

Янка Базыль