АДЫГІ ЗМАГАЮЦЦА

13 кастрычніка 20 адыгскіх грамадзкіх арганізацыяў (як з Адыгеі, так і з адыгскай дыяспары ў сьвеце) зьвярнуліся з заявай у Эўрапарлямант і Стразбурскі міжнародны суд па правах чалавека. Адыгі (чаркесы) патрабуюць ад міжнароднай супольнасьці прызнаць факт генацыду адыгскага народу падчас расейскай агрэсіі на Каўказе ў 18-19 стагоддзях і асудзіць гэтую расейскую палітыку. Адыгі добра падрыхтаваліся да працэсу. Да заявы яны далучылі 450 копіяў дакумэнтаў царскага вайсковага начальства, зь якіх зразумела, што тую вайну нельга прыроўніваць да звычайных ваенных дзеяньняў. Мэтай акупантаў было поўнае зьнішчэньне і высяленьне са сваёй зямлі адыгскага народу. Апошнім часам расейскія акупанты Адыгеі перайшлі да канчатковага этапу, які павінен “победоносно” завяршыць яшчэ царскую справу зьнішчэньня адыгаў. Губэрнатар Краснадарскага краю выступіў нядаўна з ініцыятывай правядзеньня рэфэрэндуму аб “зьліцьці” аўтаномнай рэспублікі Адыгеі і Краснадарскага краю (цяпер такое ў РФ вельмі модна). Можна быць упэўненым, што малалікі, але магутны нацыянальным духам адыгскі народ абароніць свой гонар і сваю зямлю ад імпэрскага зьнішчэньня.

Янка Базыль