ПОМНІК У КУРАПАТАХ СТВОРАНЫ БЕЛАРУСКІМ НАРОДАМ (ЗВАРОТ)

У Курапатах каля Менска пахаваны ахвяры расейска-бальшавіцкага тэрору супраць беларускага народу. Больш за 200 тысячаў невінаватых людзей былі забіты катамі НКВД у 1930-х — 1941 гг. толькі ў гэтым месцы. Доўгія дзесяцігоддзі акупацыйная ўлада хавала праўду пра гэтае злачынства, спрабавала зьнішчыць пахаваньні ў Курапатах. Цяперашні прамаскоўскі марыянэткавы рэжым Лукашэнкі па загадзе Масквы працягвае гэтую амаральную і блюзьнерскую палітыку. Але беларускі народ даведаўся праўду аб трагедыі ў Курапатах і з 1988 года пачаў пабудову Народнага Мэмарыялу на магілах расстраляных пакутнікаў. Галоўным элемэнтам кампазіцыі Мэмарыялу зьяўляецца Крыж, сотні крыжоў усталяваныя на магілах. Беларускія патрыёты на працягу гадоў бароняць Мэмарыял ад актаў вандалізму і атакаў антынароднага рэжыму, які не аднойчы спрабаваў зьнішчыць магілы і крыжы.

Мы вельмі ўдзячныя грамадзянам іншых дзяржаваў, якія прыходзяць у Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў генацыду беларускага народу. Мы ўдзячныя дыпляматычным прадстаўнікам, якія наведваюць Курапаты і ўскладаюць вянкі ад сваіх народаў.

Але нас трывожаць пэўныя факты. 2 лістапада сёлета група амбасадараў эўрапейскіх краінаў наведала Курапаты. Пасьля ўскладаньня вянка ад краінаў Эўразьвязу амбасадар ФРГ сп. Марцін Гэкэр заявіў, што трэба заняцца ўсталяваньнем у Курапатах помнікаў ад народаў розных краінаў у знак памяці. Сп. Фрык запрасіў прысутных амбасадараў сустрэцца ў сьнежні сёлета і абмеркаваць праекты помнікаў.

Перш за ўсё мы нагадваем, што ў Курапатах ужо існуе цэльны ў вобразным і фармальна-кампазіцыйным сэнсе помнік — Народны Мэмырыял “Лес Крыжоў”. Усталяваньне новых памятных знакаў павінна адпавядаць вобразнаму і фармальна-кампазіцынаму ладу Мэмарыяла. Ёсьць канкрэтныя прыклады захаваньня суладдзя пры ўсталяваньні такіх памятных знакаў: мэмарыяльны знак “Ад амэрыканскага народу народу Беларусі дзеля памяці”, Крыж ад польскага грамадзтва і Помнік ад Габрэйскага таварыства ў памяць ахвяраў.

Для беларускага народа Курапаты сталі сымвалам змаганьня супраць антычалавечай палітыкі расейскай імпэрыі. Для беларусаў гэтае змаганьне не завершанае. Расея і сёньня праз свой уплыў на рэжым Лукашэнкі праводзіць палітыку этнацыду і татальнай русіфікацыі беларусаў з мэтай захопу тэрыторыі і людзкіх рэсурсаў нашай краіны. Гэтую палітыку мы ацэньваем як злачынства супраць чалавецтва, заснаванае на фашыстоўскай ідэалёгіі. Мы назіраем, аднак, як кіраўніцтва і дыпляматы Нямеччыны пасьлядоўна праводзяць палітыку “разуменьня” інтарэсаў пуцінскай Расеі ў Беларусі.

Мы памятаем, як ў лістападзе 2004г. амбасадар ФРГ сп. Фрык наведаў Курапаты і публічна заявіў, што “беларускі народ павінен цалкам падзяліць адказнасьць за ўсе, у тым ліку і негатыўныя старонкі савецкай гісторыі”. Паводле гэтай заявы, беларускія ахвяры расейска-савецкага тэрору павінны несьці роўную адказнасьць за гэты тэрор разам з забойцамі. Абсурдная і блюзьнерская заява дзяржаўнага прадстаўніка Нямеччыны выклікала абурэньне беларускага грамадзтва. Аднак, на звароты пратэсту і патрабаваньні дэзывуіраваць заяву сп. Фрыка, накіраваныя ў амбасаду ФРГ і Бундэстаг, беларусы нават не атрымалі адказу. Мы разумеем такія заявы і паводзіны як афіцыйную пазіцыю палітычнага кіраўніцтва Нямеччыны.

У сувязі з гэтым мы пратэстуем супраць таго, каб амбасадар Нямеччыны (альбо іншы прадстаўнік Нямеччыны) кіраваў дзейнасьцю па стварэньню і ўсталяваньню ў Курапатах памятных знакаў і помнікаў ад замежных народаў.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 лістапада 2006 г. Менск