“МІША” — “ЧАЛАВЕК БЕЗ ТВАРУ”

10 лістапада 2006 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” паведамляе пра сьмерць сумна знакамітага Маркуса Вольфа, шматгадовага кіраўніка спэцслужбы ГДР Штазі (падпарадкаванай КГБ). “Міша” (як яго называлі ў ГДР, Маскве і ўсім сьвеце) кіраваў Штазі з 1958 па 1987 г. Крах Берлінскага Мура і ГДР у 1989 г. былі для яго “нечаканасьцю”, як ён прызнаваўся сам. У 1933 г. сямья Вольфа ўцякла ў СССР, дзе Міша скончыў школу, а потым спэцшколу НКВД. На працягу дзесяцігоддзяў на Захадзе не маглі здабыць ягоны фотапартрэт, таму называлі “чалавекам без твару”. Калі нямецкая моладзь ў лістападзе 1989 г. граміла сядзібу Штазі ў Берліне, Міша ўцёк у Аўстрыю. Некаторы час хаваўся там, а потым урэшце здаўся нямецкім уладам. Яго асудзілі былі на 6 гадоў турмы, потым на тры гады. Але ў турме ён прасядзеў толькі некалькі разоў па некалькі дзён падчас сьледства-суда над ягонымі калегамі. А потым канстытуцыйны суд ФРГ забараніў праводзіць працэсы над шпіёнамі ФРГ. Увесь час Вольф выступаў з пратэстамі наконт “правасуддзя пераможцаў” і супраць таго, што журналісты і дасьледчыкі зрабілі зь яго “сымвал зла”. Ён сьцьвярджаў, што толькі служыў сувэрэннай дзяржаве. Адстаўны Вольф да апошняга пісаў кнігі пра гісторыю і палітыку, адну прысьвяціў нават расейскай кухні. 83-гадовы “добры дзядуля” памёр ува сьне ў сваім доме.

Наш камэнтар: “Правасуддзе пераможцаў” аказалася вельмі лагодным і мягкім для гестапаўцаў ГДР, якія дзейнічалі пад непасрэднай камандай Лубянкі. Мабыць, гэта ёсьць адна з прычынаў цяперашняй палітыкі кіраўніцтва ФРГ, якое пішчом лезе ў абдымкі да Крамля-Лубянкі, дзеліць з Масквой Эўропу на “сфэры ўплыву”. Для беларусаў аказалася: што Маркус Вольф, што Ганс Вік — абое рабое, зьнішчальнікі Беларусі ў хаўрусе з маскоўскімі гэбэшнікамі.

Партугальская газэта спыняецца толькі на некалькіх эпізодах кар'еры Вольфа. Напрыклад, на вярбоўцы сакратаркі канцлера ФРГ Вілі Брандта (калі гэта раскрылася ў 1974 г., Брандт з шумам пайшоў у адстаўку). Пра тысячы іншых тэрарыстычных і падрыўных апэрацыяў Штазі (заўсёды паводле загаду КГБ) па ўсім сьвеце, пра тысячы забітых і скалечаных людзей, змарнаваных жыцьцяў, скупленых заходніх палітыкаў газэта ня згадвае.

Вядома, што вэтэраны Штазі робяць цяпер у ФРГ бліскучую кар'еру. І ня толькі ў спэцслужбах. “По старой дружбе” з маладым дрэздэнскім рэзыдэнтам Валодзям Пуціным яны цяпер прызначаны кіраўнікамі сумесных нямецка-расейскіх энэргетычных праектаў (супраць якіх рэзка пратэстуюць Польшча, Фінляндыя і балтыйскія краіны), пасьпяхова круцяць гэшэфт з маскоўскімі таварышамі. Гэта яны гукаюць у нямецкіх газэтах і на тэлеканалах: “Ня бойцеся рускіх!” і зазываюць крамлёўскіх алігархаў скупляць Нямеччыну на караню. Гэта яны “шумною толпою” энтузіястычна шпацыравалі сьледам за канцлерам Мэркель па заштатнаму Томску і стаялі за яе плячыма падчас падпісаньня антынароднага пакту Мэркель-Пуцін. Але цікава, апошнім часам мы назіраем, як частка нямецкай эліты (якая не служыла ў Штазі) раптам убачыла небясьпеку гэтага курсу і пачала ставіць заслон перад наступам Газпрому ды іншымі мэханізмамі расейскай мафійнай агрэсіі ў Нямеччыне. Магчыма, што разуменьне небясьпекі зьменіць нямецкую палітыку.

Валеры Буйвал