“МЫ НЕ ДАПУСЬЦІМ, КАБ НЕКАТОРЫЯ ЗАМІНАЛІ РАСЕІ...”

10 лістапада 2006 г. Італьянская газэта “Corriеre della Sera” публікуе здымкі, якія штогадзіну паказвалі тэлеканалы ўсяго сьвету (акрамя Расеі). Пуцін “ліхо” цалюе з пісталета Макарава, страляе, забаўляецца, дае прыклад. Тытул артыкула вельмі выразны: “Пуцін нападае на ЗША ў штаб-кватэры 007”. Заходнікі з доляй гумару называлі і называюць КГБ-ФСБ “канторай агентаў 007” па аналёгіі зь вядомым кінагероям Джэймсам Бондам. Але гэтым разам італьянскія камэнтары выступаў Пуціна падчас інаўгурацыі новага будынку ваеннай разьведкі ГРУ ў Маскве былі пазбаўлены іроніі. Нават італьянцы здагадаліся, што крамлёўскі начальнік мае на ўвазе Штаты. Не называючы дзяржаву, ён гукаў у тэлекамэру: “Недапушчальна, калі нейкія дзяржавы ня лічацца з нашымі інтарэсамі... Мы не дапусьцім, каб некаторыя заміналі Расеі распаўсюджваць ейныя ўплывы...” І ўсё гэта ў дзень выбараў, якія адбываліся ў ЗША. Намёкі даволі празрыстыя.

Наш камэнтар: Некаторыя заходнія СМІ пачалі нават пісаць аб пачатку новай халоднай вайны. Нагадаем, што амэрыканскім жаўнерам, якіх забіваюць у Іраку паводле загаду Лубянкі, гэтая вайна не здаецца халоднай. Навошта гэта ўсё Крамлю? Навошта мабілізацыя лубянскай тэрарыстычнай сеткі ва ўсім сьвеце з мэтай дэстабілізацыі ЗША і ягоных хаўрусьнікаў? Навошта першая асоба Крамля дэманструе цынічны ашчэр і збачэнскае задавальненьне са зброяй у руках? (Мы памятаем кінахроніку: “Сталін сьмяецца, трымаючы вінтоўку з аптычным прыцэлам”, “Лукашэнка апантана лупіць з кулямёта на палігоне”. Але ў цывізаваных дзяржавах так сябе паводзіць не прынята). Пры чым, дэманструючы тэлерэпартаж з будынка ГРУ, расейскія тэлеканалы не паказалі эпізод з пісталетам. Гэтая злавесная лубянская агітка была прызначана выключна для заходняй публікі.

Сапраўды, навошта? Крамлёўскія алігархі без перашкодаў атабарыліся са сваімі капіталамі на Захадзе, мацуецца лубянская інфраструктура ў розных частках сьвету, нафтадаляры цякуць няспыннай плыньню ў крамлёўскую казну. Але гісторыя і практыка паказвае, што расейская імпэрыя можа існаваць толькі ва ўмовах вайны, канфрантацыі, нянавісьці і тэрору. Мір, супрацоўніцтва, ўзаемны давер азначалі б канец імпэрскай сістэмы. Тым больш ва ўмовах, калі ўладу ў краіне захапіла тэрарыстычная арганізацыя КГБ-ФСБ, няздольная ні на якую палітычную, гаспадарчую і дзяржаўніцкую дзейнасьць (у спэцслужбаў, як вядома, зусім нішыя функцыі). Стрымаць бунт у галоднай, абрабаванай Расеі гэбоўскія гаспадары могуць толькі гуканьнем “Отечество в опасності!”, здушэньнем ўсіх свабодаў і інцыятываў, дзяржаўным тэрорам і міжнародным канфліктам. Дагуляецца Захад з “расейскай дэмакратыяй”...

Юрка Марозаў