ЧАРГОВАЕ ЗЛАЧЫНСТВА ЛУБЯНКІ

20 лістапада 2006 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” піша пра лубянскае злачынства ў Лёндане. Днямі там быў атручаны 43-гадовы Аляксандр Літвіненка, афіцэр ГРУ, які перабег на Захад у 2000 годзе. Справа ў тым, што начальства загадала Літвіненку “убрать” антыпуцінскага алігарха Беразоўскага, які раней зьбег з Крамля ў Лёндан. Літвіненка забіваць адмовіўся (бо зразумеў, што пасьля выкананьня загаду яго самога “уберут”) і разам з сямьёй здаўся брытанскім уладам. Пад аховай Скотланд-Ярда ён займаўся антылубянскай дзейнасьцю, выступаў у якасьці кансультанта і аналітыка. Так, ён заявіў, што зьнішчэньне жылых дамоў разам з жыхарамі ў Маскве і іншых гарадах Расеі ў 1999 г. было справай КГБ з мэтай распачаць новую вайну супраць чачэнскага народу.

Літвіненка супрацоўнічаў з прадстаўнікамі кіраўніцтва незалежнай Чачэніі, якія знаходзяцца ў Лёндане. Ён у адкрытую заяўляў пра фашызацыю Расеі і дыктатарства Пуціна і КГБ. Пасьля забойства ў Маскве (у кастрычніку сёлета) журналісткі Ганны Паліткоўскай, якая таксама пісала праўду пра гэбізм і чачэнскую вайну, Літвіненка пачаў расследваньне злачынства. У адным з лёнданскіх рэстаранаў ён сустрэўся з італьянцам, які абяцаў перадаць яму матэр'ялы па забойству Паліткоўскай. Пасьля гэтай сустрэчы Літвіненка патрапіў у шпіталь з прыкметамі атручаньня. Лекары кажуць, што сымптомы атручаньня вельмі падобныя на тое, што здарылася з цяперашнім прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам, калі яго атруцілі на банкеце на гэбоўскай дачы падчас перадвыбарчай кампаніі ў 2004 г.

Наш камэнтар: Пра гэта паведамляюць усе СМІ сьвету. Некаторыя высьветлілі, што італьянец у рэстаране — гэта спэцыяліст ураду Італіі па дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў. Вядома таксама пра тое, што ён жа зьяўляецца сябрам некаторых адстаўных генэралаў КГБ. Вось гэты “спэцыяліст” і дапамог сваім сябручкам выканаць “заданіе родіны”. У Брытаніі ўшчаўся вэрхал. Спэцслужбы тлумачацца, чаму яны правалілі справу аховы каштоўнага кадра. Грамадзтва патрабуе прыцягненьня да адказнасьці асобаў з вялікімі ганарарамі і сьпісам правалаў у ахове дзяржаўнага ладу і людзей. Толькі ў Італіі ўсё ціха, ніякіх пытаньняў.

Падзеі дэманструюць ступень інфільтраванасьці заходніх краінаў гэбоўскай агентурай і распярэзанасьць Крамля-Лубянкі, што дзейнічае з імпэтам гітлерцаў. Але становіцца зразумелай таксама й ступень маразму і прадажнасьці заходніх палітычных элітаў, якія “сябруюць” з генэраламі гэбэ і час ад часу выконваюць спэцзаданьні канторы. Толькі рана ўзрадваліся гераічныя дзяржынцы. На Захадзе вельмі шмат людзей, якія адэкватна ацанілі нахабнае лубянскае злачынства, зьдзейсьненае на тэрыторыі дэмакратычнай краіны. Уздымаецца немалая навальніца, гучаць галасы аб расейскім фашызме, які ўжо прышоў на зямлю Эўропы, апазыцыя трасе кулакамі ў парлямантах і патрабуе пакараньня адказных за чарговы правал. Цікава, што вясёлы Пуцін пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Бушам на саміце ў Ханоі зрабіўся змрочны, ходзіць па вьетнамскіх аб'ектах злы і насупонены. “Тяжела ты, шапка Мономаха...”

Юрка Марозаў