МАЛЮЮЦЬ САМЫХ СЯБЕ

27 лістапада 2006 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” піша пра выступ у Празе выдатнага чэшскага кінарэжысёра Мілаша Формана. Прадстаўляючы кнігу сваіх успамінаў, Форман сгадаў сярод іншага: “На пераломе тысячагоддзя да мяне прыехаў Гарбачоў. Ён згубіў сваю жонку і хацеў, каб мы накруцілі фільм, прысьвечаны ім. Ён так настойліва жадаў убачыць сваё вялікае каханьне да Раісы, што гэта межавала з шаленствам”.

Наш камэнтар: Што гэта раптам у 2000 г. так “ашалеў” былы цэкоўскі генсек? Чаму ён ня мог накруціць лірычна-настальгічны фільм у сваёй Маскве? Навошта і каму было ўсё гэта патрэбна? Постсавецкім людзям у цяперашні час адказы на гэтыя пытаньні даюцца даволі лёгка.

Адсунуўшы з крамлёўскага трону Б. Ельцына ў апошні дзень 1999 года, новая каманда пад фармальным кіраўніцтвам Пуціна патрабавала рэабілітацыі савецкай мінуўшчыны, значна папсаванай ў грамадзкай сьвядомасьці пасьля путчу 1991 г. Перад новым імпэрскім рыўком маладыя лубянскія ваўкі павінны былі пэўным чынам рэабілітаваць і ахвяру Ельцына — М. Гарбачова. Ваўкі кіраваліся, канешне, не павагай да апошняга генсека, а чыста практычнымі меркаваньнямі. “Ах, якая любоў, якія сьветлыя і сьвятыя людзі!” — павінны былі завохкаць па ўсім сьвеце палітыкі і абывацелі над кінашэдэўрам таленавітага эўрапейскага рэжысёра. А на гэты пласт павінны былі быць пакладзены яшчэ пласты “ачалавечваньня” бесчалавечнай лубянскай канторы, яе кліентаў і кіраўнікоў. Мы бачым, як гэтыя пласты кладуцца адзін за адным у падмурак цяперашняй крамлёўска-гэбоўскай імпэрыі: рэабілітацыя “святого Сталіна”, Міколкі ІІ Крывавага і іншых цароў, НКВД і царскай “ахранкі”. Пасьля некалькіх гадоў публічных разважаньняў пра імпэрскія злачынствы Расеі і саветаў Масква ўпэўнена вяртаецца да таталітарнай мадэлі цяпершчыны і такой жа трактоўкі мінуўшчыны. Але гэтым разам вяртаньне “к істокам” прывядзе да канчатковага распаду сістэмы і да вызваленьня чалавецтва ад маскоўска-імпэрскай пошасьці.

Валеры Буйвал