ПАМЯЦЬ ГАЛАДАМОРУ

27 лістапада 2006 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе з Кіева. Па ўсёй Украіне адбываюцца мэмарыяльныя мерапрыемствы ў памяць ахвяраў Галадамору 1932-33 гадоў. У сувязі з гэтым украінскія спэцслужбы рассакрэцілі і прадставілі публічнасьці тысячы фатаздымкаў тых часоў: памерлыя ўкраінцы на дарогах і ў дамах, апухлыя ад голаду дзеці, стосы трупаў... Прэзыдэнт Юшчанка зьвярнуўся да народу з прамовай: “Мы ня маем права забыцца пра гэтых памерлых. Гэтая трагедыя здарылася ва Украіне, якая давала хлеб для ўсяе Эўропы. На працягу двух гадоў Галадамору Украіна сталася могілкамі для 10 мільёнаў людзей...” Вядома, што ў 1932-33 гг. ва Украіне былі вялікія ўраджаі. Але Сталін загадаў вывезьці збожжа і арганізаваць штучны голад для цэлай нацыі.

Наш камэнтар: Масква дагэтуль не прызнае сваё злачынства і ня хоча пакаяцца. Найлепшай формай пакаяньня была б адмова ад імпэрскіх спробаў падарваць украінскую дзяржаву, ад падтрымкі русіфікацыі ды ад іншых правакацыяў. Але трэба разумець прычыны, паводле якіх Масква не адмаўляецца ад сваёй традыцыйнай антыўкраінскай палітыкі. Пры ўладзе ў Маскве знаходзіцца тая ж самая лубянска-крамлёўская хеўра, якая арганізавала Галадамор на Украіне ў 1930-я гады. Палітычныя нашчадкі забойцаў працягваюць зьнішчаць, забіваць, труціць, рабаваць, шкодзіць, нявечыць. Беларусь і Украіна павінны салідарна бараніцца ад маскоўскіх нішчыцеляў.

Юрка Марозаў