БРУСЭЛЬ ФІНАНСУЕ КРУЦЕЛЬСТВА

Зь іх кпяць нават у Маскве. 23 лістапада расейскае інтэрнэтвыданьне “Lenta.ru” апублікавала прыперчаны фэльетон на тэму “менскіх барцоў за дэмакратыю і іхных брусэльскіх грантадаўцаў”. Цытуем: “21 лістапада Эўракамісія прэзэнтавала новую стратэгію супрацоўніцтва з Менскам. Плян Брусэля абяцае беларусам вялікія выгоды, але толькі пасьля таго, як эўрапейскія чыноўнікі вырашаць, што ў краіне зьявілася “сапраўдная дэмакратыя”. Назіральнікі ўжо зьвязалі зьяўленьне “новай стратэгіі ЭЗ” з наступнымі выбарамі ў мясцовыя ворганы ўлады Беларусі, прызначаныя на студзень 2007 г. Мясцовыя апазыцыянэры, якія цяпер рыхтуюцца да выбараў, атрымалі пацьверджаньне, што Захад дапаможа іхнай барацьбе за дэмакратыю. “Прапанова Эўразьвязу своечасовая. — заяўляе былы кандыдат у беларускія прэзыдэнты А. Мілінкевіч. — Мы атрымалі дакумэнт, які пацьвярджае, што ЭЗ чакае дэмакратычных пераменаў і гатовы падтрымаць рэспубліку вельмі сур'ёзнымі грашыма”.

Далей па тэксьце прыводзяцца таксама выказваньні вядомай Бэніты Фэрэра-Вальднэр (адстаўкі якой беларускія патрыёты патрабавалі ўжо даўно) пра падтрымку тых сілаў у Беларусі, “якія за рэфэрмы”. У сваю чаргу дзяжурны па ЭЗ фінскі міністар замежных сувязяў Э. Туоміёя выказаў перакананьне, што “кропкавыя (точечные) санкцыі прывядуць да зьнікненьня дыктатуры ў Беларусі”. А пачынаецца фэльетон эпіграфам з “Дванаццаці крэслаў” Ільфа-Пятрова: “Вечером деньги — утром стулья или утром стулья — вечером деньги”. Маскоўцы кпяць з брусэльскіх і менскіх справадзейцаў, таму што і тыя і другія разам выконваюць выгадны для Масквы праект зьнішчэньня Беларускай дзяржавы.

Сапраўдныя дэмакратычныя эўрапейскія палітыкі заявілі б адкрыта, што Эўразьвяз не прызнае ўжо цяпер, зараз і не прызнае ніколі любыя выбары і рэфэрэндумы, якія праводзіць дыктатарскі рэжым у Беларусі. А яны зноў далдоняць пра “неабходнасьць празрыстых і справядлівых выбараў” ды абяцаюць грошы псэўдаапазыцыянэрам, што заклікаюць беларусаў ісьці на выбарчае шоў антыбеларускага рэжыму. Брусэль зноў дае грошы фальшывым псэўдапалітыкам і разважае пра “точечную стратегію” (да чаго ж хітрамудрая лексіка брусэльскіх бюракратаў). Сьмяецца і кпіць нават Масква. Няўжо мы, беларусы, успрымем гэтае паскудства на поўным сур'ёзе? Няўжо зноў дазволім падмануць сябе падстаўным мілінкевічам, якія на брусэльскія і маскоўскія грошы павядуць нас на выбарчыя ўчасткі? Для іх гэта найперш бізнэс — манера зарабляньня грошай. Але чаму ў пастку фальшыўцаў-хітруноў штораз трапляецца столькі талковых і разумных людзей? Пара задумацца над гэтым ды арганізаваць байкот гэтым круцелям.

Янка Базыль