АБ СУПРАЦЬДЗЕЯНЬНІ РАЗБУРАЛЬНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ НА БЕЛАРУСІ РУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ФАШЫЗМУ (ЗАЯВА)

Руская палітыка і рускае грамадзтва ўсё больш набываюць рысы фашызму тыповага нямецкага ўзору 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Кілерскі і міжнародны тэрарызм, забойствы палітыкаў і журналістаў, этнічныя чысткі, расьпярэзаная ксэнафобія і правакацыі, цэнтралізацыя бяспраўя і карупцыі, стварэньне прафашысцкіх групаў і арганізацыяў, пэрманэнтны крымінал, рост агрэсіі і шавіністычных настрояў у палітыцы і штодзённым жыцьці — ўсё гэта характарызуе цяперашняе рускае грамадзтва і палітыку, сьведчыць аб эвалюцыі расейскага гэбізму ў агрэсіўную форму нацысцкай дзяржавы. Сімптаматычна, што з фашызмам у Расеі ніхто сур’ёзна не змагаецца, разумеючы, што яго пакрывае ўлада.

Рускі фашызм і рускі імпэрыялізм уяўляюць непасрэдную небясьпеку для Беларусі з прычыны адчыненасьці межаў і антыбеларускай палітыкі прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі. У існуючых абставінах палітыка русіфікацыі, якая інсьпіруецца з Масквы, зьяўляецца тыповай праявай фашысцкай палітыкі, якая карэлюецца з рускім вялікадзяржаўным шавінізмам.

Беларускае грамадзтва мусіць супроцьдзеяць гэтай палітыцы, перш за ўсё, шляхам пашаны і абароны сваёй беларускай мовы. Беларуская мова ёсьць для беларусаў у гэтых абставінах галоўным чыньнікам культуры і галоўным натуральным гарантам незалежнасьці Беларусі.

Сойм прапануе Ўправе і Паліткамітэту пры Сойме БНФ падрыхтаваць шэраг тэкстаў і прапановаў па абароне беларускай мовы і па супрацьдзеяньню русіфікацыі шляхам культурнамоўнай кансалідацыі беларускага грамадзтва.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

10 сьнежня 2006 г., г. Менск