“ПАТРОНОВ НА ВСЕХ ХВАТІТ”

8 сьнежня 2006 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведамляе тыповую расейскую статыстыку: “Днямі ў Самары быў забіты расейскі газавы бос”. Гендырэктар газавай кампаніі “Ітера-Самара” Аляксандр Самойленка ехаў на аўтамабіле разам з ахоўнікамі і госьцем-калегай з Масквы. Іх дагнаў другі аўтамабіль, адтуль пачалі страляць з аўтамата. Гендырэктара сьмяротна паранілі, дзьве асобы лёгка паранены, маскоўскі госьць не пацярпеў (трэба прызнаць, “ребята” стралялі даволі трапна). Газэта нагадвае, што самарская кампанія нябожчыка зьяўляецца малым канкурэнтам магутнага “Газпрому”.

Наш камэнтар: Цікава, што віленскія газэтчыкі скончылі сваю зацемку канстатацыяй: “Калі ў Маскве забойствы буйных бізнэсмэнаў і прамыславікоў адбываюцца рэгулярна, то на правінцыі гэта ёсьць рэдкі выпадак”. На гэта жыхары неабсяжных прастораў Расеі скажуць балтыйскім аналітыкам: “Давненько же вы у нас не бывали”. Сапраўды, памыляюцца летувісы, рэдка езьдзяць яны па РФ. Раім ім завітаць на могілкі ў Іжэўску, Вышнім Валачку, Мурманску, Углічы і на чыгуначнай станцыі Нікола-Угол. Яны ўбачаць там шмат высокіх надмагільляў з праваслаўнымі крыжамі і мафійнымі эпітафіямі. Гэта ёсьць “адпрацаваны матэр'ял” шалёнага постсавецкага капіталізма пад дэвізам “Не забуду мать родную!” Ад Калінінграда да Курылаў на працягу скора ўжо дваццаці гадоў пэрманэнтна разгортваецца бясконцы сіцылійскі сэрыял. “Ребята” кідаюцца гранатамі, падкладаюць бомбы, рэжуцца і бьюцца. Палаюць фірмы і офісы. Дзеці ідуць у школу па акрываўленым асфальце, грамадзяне апэратыўна разьбягаюцца і залягаюць на ўзбочынах, калі на вуліцы пачынаюць стракатаць аўтаматы. Самае страшнае ва ўсім гэтым сфармулявана ў кароткім выказваньні маладой беларускі, якая жыве ў Пецярбурзе: “Мы ўжо прызвычаяліся да страляніны на вуліцах. Часам і ўвагі не зьвяртаем, калі стрэлы далёка...” Небясьпечна што гэтакае грамадзтва пагражае “ашчасьлівіць” беларускі народ “союзным государством”!? Расейскі імпэрыялізм лезе на нашу краіну з новым лёзунгам прафэсійных кілераў — “Патронов на всех хватіт”. Трэба ратавацца ад гэтай навалы, бараніць свой край ад расейскага фашызму.

Юрка Марозаў