УГОДКІ ВАЕННАГА СТАНУ Ў ПОЛЬШЧЫ

14 сьнежня 2006 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” згадвае пра 25-я ўгодкі дзяржаўнага злачынства прамаскоўскага рэжыму ў Польшчы — увядзеньня ваеннага становішча ўначы 13 сьнежня 1981 г. Ужо ў першую ноч была арыштавана большасьць кіраўнікоў і найбольш актыўных арганізатараў “Салідарнасьці” (антыкамуністычнай арганізацыі, якая аб'яднала мільёны польскіх патрыётаў у змаганьні за вызваленьне краіны ад расейскіх прыгнятальнікаў і іхных мясцовых халуёў). За час ваеннага становішча рэжым Ярузэльскага забіў 90 людзей, многія былі паранены. Перад вілай генэрала Ярузэльскага ў Варшаве ў дзень угодкаў сабралося шмат людзей. Адны крычалі “Рукі прэч ад генэрала!” Ад разьюшаных палякаў (яны крычалі “Злачынца!”) паклоньнікаў Ярузэльскага бараніў кардон паліцыі. Палітыкі выказваліся з нагоды ўгодкаў. Нешта прамармытаў Лех Валенса: “Ярузэльскі мусіў неяк дзейнічаць...” Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі (дзеяч змагарнай “Салідарнасьці”) нагадаў грамадзтву: “Мы ўрэшце перамаглі!”

Наш камэнтар: У гэты час сам Ярузэльскі хаваўся ў шпіталі, удаючы хваробу. Сапраўды, лепш яму не паказвацца на людзях у гэтыя дні. Пачувацца камфортна начальнік прамаскоўскай хунты можа толькі ў Маскве і на лібэральным Захадзе. Заходнікі надарылі яму цэлы мех розных мэдалёў і прэміяў пад рознымі соўсамі (сярод іншага “За гуманізм”, “За адданасьць дэмакратыі і свабодзе”). Лібэралы любяць разважаць аб тым, што генэрал “выратаваў Польшчу ад савецкай інвазіі”, што ён “праз колькі год адмяніў ваеннае становішча” і “здаў уладу дэмакратам без кравапраліцьця”. Гэта ўсё тая ж мітусьлівая і тупая публіка, якая славіць Гарбачова (за тое ж, што і Ярузэльскага) і настальгіруе па савецкаму саюзу.

Дарэчы, гэта тыя ж лібэралы-балбатуны, якія актыўна лепяць “дэмакратычнага лідэра” з пустышкі Мілінкевіча. Яны нічога не разумеюць у змаганьні беларускага народу супраць расейскай імпэрыі, як нічога не зразумелі ў змаганьні за волю народу польскага. Путчыст-сатэліт Масквы Ярузэльскі ня мог пайсьці на ўвядзеньне ваеннага становішча без прамога загаду Крамля. А такі загад Крэмль аддаў Ярузэльскаму таму, што Масква ўжо ўвязалася ў правальную аўганскую вайну і не магла дазволіць сабе другі фронт (палякі б ваявалі супраць маскаля ня горш за аўганцаў). Панаваньне ярузэльскай прамаскоўскай хунты скончылася не таму, што генэрал-“дэмакрат” узяў і здаў уладу ў 1988-89 гадах. А таму што польскі народ ні на дзень не пагадзіўся з прыгнятальнікамі, працягваў барацьбу за вызваленьне. З кожным годам прамаскоўскага рэжыму паглыбляўся маразм сістэмы. Набліжаўся магутны выбух, у эпіцэнтры якога не ацалелі б ярузэльскія бонзы. Вось і кінуліся яны здаваць свой рэжым на міласьць народа-пераможцы. Ключом перамогі палякаў над прамаскоўскай цемрай была магутная народная салідарнасьць.

Валеры Буйвал