РАСЕЙСКІЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ФАШЫСТЫ ЎСЛАЎЛЯЮЦЬ ГІТЛЕРА

18-20 сьнежня па праграме “телевіденія союзного государства ОНТ” дэманстраваўся “дакумэнтальна-мастацкі фільм” пад тытулам “Генералиссимус”. Стужка прысьвечана Сталіну і розным пэрыядам ягонага рэжыму. Стужка панeгірычная, манумэнтальная, поўная захапленьня жудасным маскоўскім тыранам. Гэтакія ацэнкі Сталіна ўжо нікога асабліва не зьдзіўляюць. Усім зразумела, што ў сувязі з усталяваньнем клясічнага гэбізму ў Расеі адбываецца чарговая рэабілітацыя забойцаў НКВД і іхнага галоўнага начальніка з ЦК КПСС.

Прамаскоўскі шклоўскі рэжым выкарыстоўваецца крамлёўцамі як палігон для апрабаваньня мерапрыемстваў і ідэалягічных штампаў, якія накіраваныя на ўкараненьне нэасталінізму ў Беларусі, а потым ужо (пасьля лабараторных экспэрымэнтаў у РБ) і ў самой Расеі. Гэбізм ня можа жыць без Сталіна як важнага сымвала імпэрскага Зла (па-іхнаму — сымвала магутнасьці). Таму крамлёўскую мумію ў чарговы раз выймаюць з крамлёўскай піраміды, каб прымусіць людзей зноў пакланяцца ёй. Гэта зразумела.

Але некаторыя могуць спытацца: а чаму сёньняшнія крамлёўскія імпэрцы ўсхваляюць Гітлера? Трэба прызнаць, яны робяць гэта “даволі далікатна”. У фільме пра маскоўскага генэралісімуса ёсьць кароткая, але выразная ўстаўка пра берлінскага яфрэйтара. Вядучы чытае тэкст: “Долгое время нам втолковывали, что Адольф Гитлер был маньяком, бесноватым фюрером. Но это не так. Ведь всего за пять лет он создал могучую армию, возродил экономику, смог объединить народ и дать ему уверенность в себе...” На экране — сцэны агульнанароднага захапленьня Гітлерам на вуліцах і плошчах Нямеччыны, дзеці падносяць усьмешліваму фюрэру кветкі, фюрэр жвава выступае, камандуе парадам... Дыктар працягвае свой тэкст: “Да, но Гитлер совершил ошибки, он зарвался”. На экране — сцэны фашыстоўскага тэрору, горы забітых людзей, газавыя каморы, канцлягяры. Аказваецца, усё было “хорошо”, і справа толькі ў тым, што “он зарвался” і “ошібочка вышла, несколько мілліонов унічтожілі...”

Да такіх ацэнак не дадумвалася нават савецкая, ушчэнт фальшывая і цынічная прапаганда. Трэба, аднак, памятаць, што пры саветах не дапускаліся толькі публічныя (“всенародные”) ўсхваленьні Гітлера і гітлерызма. А вось для “ізбранных товарішчей” прапаганда выкарыстоўвала больш шчырыя выказваньні. У вышэйшых партшколах брэжнеўскай і пазьнейшай эпохаў, у вайсковых і міліцэйскіх вучэльнях і акадэміях, тым больш у школах КГБ СССР прафэсура заўсёды прадстаўляла Гітлера як “нашего человека”, як узор для насьледваньня кіраўнічым кадрам і афіцэрам. “Всё он делал правильно, товарищи. — казала на лекцыях бальшавіцкая прафэсура. — Так и надо было действовать. Только вот одну ошибку совершил Гитлер — что напал на Советский Союз...” І на гэтым тэарэтычным грунце прафэсура загартоўвала характары савецкіх партыйцаў, чэкістаў і “паліцманаў”. Многія ўжо ў той час рабілі эмпірычную выснову, што маскоўска-бальшавіцкая і гітлерска-фашыстоўская мадэлі зьяўляюцца на дзіва роднаснымі і падобнымі. Не выпадкова доўгі час яны былі найлепшымі хаўрусьнікамі і сябрамі на бядзе эўрапейскіх народаў.

Цяперашнія паклоньнікі Гітлера ўжо ня крыюцца. Яны кажуць “всенародно”, у адкрытую тое, што раней хавалі па гэбоўскіх і цэкоўскіх кабінэтах. Аказалася, што расейскі фашызм, крамлёўская фашыстоўская сістэма ня могуць жыць ня толькі без Сталіна. Ім патрэбны натхняльны ідэал фашыстоўскага сатаніста Адольфа. Калі б такія выказваньні прагучалі на тэрыторыі любой іншай эўрапейскай краіны, прапагандысты маглі б разьлічваць на суд дзяржавы і пратэст грамадзкасьці. А ў Беларусі, дзе ўся наша зямля заліта крывёй ахвяраў гітлерызма і сталінізма, на гэтым грунце выпрацоўваецца новая ідэалёгія — ідэалёгія рускага фашызма.

На вачах ўражанага сьвету Расея афіцыйна ператвараецца ў фашыстоўскую дзяржаву (неафіцыйна крамлёўская імпэрыя заўсёды была фашыстоўскай, чалавеканенавісьніцкай і зьнішчальнай). Без Гітлера і гітлерызму ня можа існаваць цяперашні маскоўскі гэбізм. Як бачым, ад расейскага народу — першай ахвяры расейскага фашызму — не даводзіцца чакаць пратэстнай рэакцыі на фашызацыю дзяржаўнай сістэмы. Супраць крамлёўска-лубянскай гітлераўшчыны-сталіншчыны беларусам трэба змагацца самым і самым абараняць сваю зямлю ад фашыстоўскага нашэсьця з Усходу. Справа ня ў тым, каму ў Крамлі “нравітся Гітлер”, справа не ў тэорыі. За фашыстоўскай тэорыяй заўсёды настае практыка — зьнішчэньне людзей, вычварэньне душаў, канцлягер і масавыя расстрэлы. Гэта ведаюць людзі старэйшага ўзросту — з фашызмам нельга дыскутаваць, ад фашызма трэба бараніцца, фашызм трэба зьнішчаць.

Янка Базыль