ГЭБІЗМ ПРАНІКАЕ НА ЗАХАД

28 сьнежня 2006 г. Дацкая газэта “Information” публікуе артыкул з падтытулам “Рускія ідуць”. Цытуем: “Дзяржаўны расейскі энэргетычны гігант “Газпром” на працягу года рабіў вялікія закупкі, а заходнія кампаніі душыліся ў Расеі. Пакуль цякуць нафта, газ і грошы, у Эўропе пашыраецца заклапочанасьць з прычын росту энэргетычнай магутнасьці расейцаў”.

Наш камэнтар: Па-першае, трэба адзначыць, што ўжытае ў артыкуле дацкае слова “magt” мае два значэньні — як “магутнасьць”, так і “ўлада”. Зусім адэкватна будзе прачытаць у дацкай газэце пра “энэргетычную ўладу расейцаў”. Мы ўжо ня раз пісалі на старонцы pbpf.org пра наіўнае захапленьне заходняга бізнэсу “неабмежаванымі магчымасьцямі расейскага рынку”, “новай маскоўскай дэмакратыяй” і “партнёрскімі адносінамі з усходнім гігантам”. Мафійна-гэбоўскі капітал хватка і манумэнтальна “пробросіл этіх лохов” (лексіка кілерскіх крамлёўскіх капіталістаў). Безьліч заходніх фірмаў і кампаніяў паслалі ў Расею вялікія партыі тавараў, але разарыліся, не атрымаўшы ніякой аплаты (падстаўныя расейскія партнёры апэратыўна растварыліся “на необ'ятных просторах”).

Крэмль ня крыючыся заяўляе, што не дапусьціць заходнікаў да свабоднай канкурэнцыі на сваім энэргетычным рынку — і не дапускае. А тым часам легіёны расейскіх бізнэсграмілаў уламваюцца на заходні рынак і скупляюць усіх і ўсё на эканамічным і палітычным полі, выкарыстоўваючы паталягічную безабароннасьць сістэмы заходніх “правоў чалавека”. Раптам заходнія дзелавыя колы ўбачылі, што ўсходнія “партнёры” проста надурылі і выкарысталі іх. Капіталісты залемантавалі: “Рускія ідуць!” Ці не запозна? Надта ж доўга заходнікі пасьмейваліся, калі беларускія патрыёты папярэджвалі іх аб жахлівасьці расейскага імпэрыялізму і аб неабходнасьці ізаляцыі крамлёўскага монстра. Цяпер ім ня сьмешна, яны ўбачылі на сваёй тэрыторыі “уладу расейцаў”.

Юрка Марозаў