РАЗВАГІ ПРА КАТАСТРОФЫ І ПРЫЧЫНЫ

* 8 студзеня 2007 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” пісала пра аварыю з чалавечымі ахвярамі, што адбылася ў рэгіёне Камарг у паўднёвай Францыі. На тэрасу раскошнага рэстарана, дзе балявалі кліенты, упаў верталёт. Прычым, верталёт належаў гэтаму ж рэстарану і ўпаў адразу пасьля старта з пляцоўкі побач з тэрасай. Верталёт перавозіў кліентаў, якія скончылі баль. Ніхто ў верталёце не пацярпеў, але на тэрасе загінулі чацьвёра і паранены яшчэ некалькі чалавек.

* Наш камэнтар: Час ад часу СМІ паведамляюць пра жудасныя катастрофы ў тэхналягічна слабаразьвітых краінах. У Індыі машыніст рэзка затармазіў, каб цягнік не наехаў на сьвяшчэнных кароў, што стаялі на рэйках. У выніку крушэньня загінулі тры з паловай тысячы пасажыраў. Днямі ў Інданэзіі патануў перагружаны пасажырамі паром, загінулі сотні людзей... Але падобнае, толькі ў іншым стылёвым ключы можна даведацца і пра жыцьцё ў тэхналягічна высокаразьвітых заходніх краінах. У парыжскім аэрапорце Арлі абрынулася цэлае крыло нядаўна пабудаванага тэрміналу, загінулі сямёра асобаў. У італьянскіх Альпах вайсковы самалёт зачапіў драты турыстычнага фунікулёра, з вялікай вышыні ўпала кабіна з пасажырамі, загінулі 14 чалавек. І г.д.

* Можна зразумець, калі бяда здараецца з прычыны глуства, забабонаў і тэхналягічнай недасканаласьці ў краінах, дзе вартасьць чалавечага жыцьця ёсьць адносным паняцьцем. Але на Захадзе час ад часу здараюцца няшчасныя выпадкі, прычынай якіх зьяўляецца якраз распярэзаны маньерызм звышбагатага геданістычнага грамадзтва. У Арлі абрынулася на людзей мадэрновая (пабудаваная ўсяго некалькі месяцаў таму) канструкцыя. Архітэктар і інжынэр пабудовы, каб выйграць конкурс, накруцілі такога, што забыліся пра тэхналягічную бясьпеку і элемэнтарную трываласьць матэр'ялаў і канструкцыяў. Архітэктура ў гэтым выпадку ўжо перастала служыць людзям, а зрабілася стыхіяй бізнэсовай канкурэнцыі і фармалістычнага спаборніцтва.

* Фунікулёр упаў у Альпах, таму што маладыя амэрыканскія пілёты НАТО вырашылі пагарэзіць, папалохаць пасажыраў, пралятаючы побач з кабінай. Самалёт зачапіў драты. Так “гарэзяць” сытыя і ўпэўненыя ў сваёй бясьпецы маладзёны, якім не патлумачылі пра іхную задачу — абараняць Эўропу ад маскоўскай варварскай імпэрыі. Індустрыя забаваў і паслуг вылузваецца са скуры, каб завабіць кліентаў і сарваць вышэйшы ганарар. Самы кліенты ня ведаюць ужо, як бы яшчэ пазабаўляцца. Ну, навошта было ставіць верталёты каля рэстарана? Нельга прагуляцца па алеі пасьля вячэры або даехаць дахаты на аўтамабілi?

* Гісторыя чалавецтва сьведчыць, што такім жа чынам загнівалі і гінулі магутныя цывілізацыі мінуўшчыны: Рымская імпэрыя, Візантыя, Турэцкая Порта і шэраг іншых. Згубілі іх па вялікім рахунку не паразы іхных магутных арміяў, не эканамічны крызіс заснаванай на рабскай працы гаспадаркі, не паводкі і суша. Асноўнай прычынай паразы і крызісаў было якраз маральнае раскладаньне элітаў і охласу тытульных нацыяў, якія згубілі ўжо элемэнтарныя маральныя і сацыяльныя арыенціры, суцэльна патанулі ў раскошы і дармовых забавах. Яны не маглі ўжо абараніць і захаваць сябе самых пад націскам цывілізацыйна маладых і імпэтных народаў, якія разграмілі раскошныя імпэрыі. Так і цяпер мы назіраем дзікі кантраст раскошы брусэльскага Захаду (для якога важней “правы чалавека” розных збачэнцаў і мільёнаў чужынцаў на сваёй тэрыторыі — абы забаўляцца не заміналі) і багатых традыцыйнай культурай, але адсталых у тэхналягічным сэнсе краінаў і народаў. Злавесны цывілізацыйны кантраст. Але брусэльскія эліты і значная частка эўрапейскіх абывацеляў, занятыя ўзбагачэньнем і спажываньнем жыцьця, выглядае што няздольныя ўбачыць і адчуць небясьпеку.

Валеры Буйвал