ФАШЫЗМ У РАСЕІ

У Санкт-Пецярбурзе расейскія фашысты цяжка паранілі антыфашыста. Малады чалавек Іван Елін, вядомы антыфашыстоўскімі поглядамі, вяртаўся дахаты пасьля гуманітарнай акцыі на карысьць бедных. На яго напалі “русскіе ребята” і нанесьлі больш за дзесяць нажавых ранаў, юнак знаходзіцца ў цяжкім стане ў шпіталі.

Вуліцы расейскіх гарадоў усё больш нагадваюць Нямеччыну 1920-30-х гадоў. У гэтай сувязі няхай “скептыкі” пачытаюць артыкул Зянона Пазьняка “Небясьпека расейскага фашызму”. Артыкул зьмешчаны на старонцы “Беларускай Салідарнасьці”, а таксама на старонцы pbpf.org.

Цікава, што ўпершыню за апошнія гады газэта “Нар. Воля” таксама надрукавала палітычны артыкул Зянона Пазьняка, і менавіта пра расейскі фашызм (11 студзеня 2007 г.). Але “істінные демократы” не маглі проста пазнаёміць чытачоў з аналітыкай аўтарства сп. Пазьняка. Пад тэкстам артыкула яны падвесілі ў паўтары разы большыя па аб'ёму “камэнтары спэцыялістаў”. Забясьпечыла камэнтары вядомая спэцыялістка па брудных справах М. Коктыш. А “камэнтатары” проста вартыя адзін аднаго. С. Касьцяна, вядомага неадукаванага бальшавіка-цемрашала мы цытаваць ня будзем. Таксама як і В. Ухналёва, дырэктара Фонду інтэграцыі Беларусі і Расеі. Хітранька выказаўся Ул. Лабковіч, юрыст з псэўда-БНФ Вінцука Вячоркі: “Прыпісваць сёньняшнюю беларускую апазыцыю да нейкіх “маскоўскіх праектаў” памылкова...” З той жа груповачкі падала голас Т. Ваніна: “Расея — наша суседка. І ад гэтага факта нам нікуды ня дзецца. І калі ты сапраўдны палітык, то мусіш будаваць адносіны з усімі краінамі, нават калі іх кіраўніцтва цябе нечым не задавальняе”.

Для гэтай публікі расейскага фашызму няма, а думкі сп. Пазьняка і іншых беларускіх патрыётаў пра небясьпеку расейскага фашызму — “навязьлівая ідэя”. Цікава атрымліваецца: нават на афіцыйных расейскіх тэлеканалах і ў газэтах абмяркоўваецца “апошняе злачынства фашыстаў у Пецярбурзе”, а для гэтай публікі, што адзначылася ў “Нар. Волі”, “такой зьявы не існуе”.

Янка Базыль