РОЗНЫЯ ПРАЯВЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САЛІДАРНАСЬЦІ

10 лютага 2007 г. Бэльгійская газэта “Le Soir” паведамляла з Сафіі. У цэнтры баўгарскай сталіцы сабраліся 20 тысячаў людзей пад нацыянальнымі сьцягамі. Яны дэманструюць салідарнасьць з баўгарскімі мeдсёстрамі і палестынскім лекарам, якіх судзяць у Лівіі. Ужо восем гадоў няшчасныя знаходзяцца ў лівійскай турме. Іх абвінавачваюць у тым, што па іх віне некалькі сотняў лівійскіх дзяцей былі занячышчаны СНІДам. Ужо два разы лівійскі суд выносіў ім сьмяротны вырак. Баўгаркі паведамілі праз адвакатаў, што да іх ўжываліся катаваньні. Яны тлумачаць, што ў лівійскім шпіталі, дзе яны працавалі па найму, пануе антысанітарыя і бязладдзе. Да таго ж многія дзеці былі атручаны яшчэ да іхнага прыезду ў Лівію. Баўгарская дзяржава даўно ўжо вядзе змаганьне на міжнароднай арэне за выратаваньне сваіх грамадзянак. Цяпер ў Баўгарыі разгарнуліся масавыя мерапрыемствы салідарнасьці. Перад амбасадай Лівіі ў Сафіі адбываюцца мітынгі. У царквах і мячэцях Баўгарыі праходзяць багаслужбы ў дзеля пацярпелых суайчыньніц.

Наш камэнтар: Для нацыянальнага грамадзтва такія дзеяньні ёсьць нормай паводзінаў. Успомнім, аднак, што рабіў у такіх сітуацыях прамаскоўскі рэжым. У першай палове 1990-х гадоў, у час масавага выезду беларускіх “чаўнакоў” у Польшчу беларускія гандляры (а разам зь імі і ўсе беларусы) моцна цярпелі ад расейскага рэкету. Цэлыя банды (у асноўным “русскіх ребят”, хаця было і сваіх зь Беларусі) абрабоўвалі, зьбівалі і забівалі беларусаў ад самага памежнага мястэчка Тэрэспаля да паморскага Гданьска. З тае пары беларусы імкнуцца перасоўвацца па Польшчы моўчкі, каб “залётные” не здагадаліся, што яны не палякі. Польская паліцыя ў асноўным зьбірала трупы і ніякім чынам не рэагавала, калі аб'ектам нападаў былі не палякі. Цяпер асноўная статыстыка сьмяротных стратаў паступае з Расеі, дзе працуюць сотні тысячаў беларусаў. І за гады афіцыйныя ўлады Беларусі аніразу ня выступілі ні зь якой нотай пратэсту і патрабаваньня рашучых дзеяньняў, не было ніякіх сумесных апэрацыяў паміж паліцыямі суседніх дзяржаваў. Антыбеларускі рэжым пакінуў сваіх грамадзянаў у лапах расейскай банды на зьдзекі і сьмерць.

З рэжымам усё зразумела. А чаму маўчыць грамадзтва? Чаму перад амбасадай РФ няма дэманстрацыяў дзесяткаў тысячаў людзей, сваякоў якіх забілі банды і міліцыя на прасторах Расеі? Чаму не чуваць ўсенароднага праклёну забойцам? Чаму туды працягваюць ехаць новыя ахвяры-“гастарбайтэры”? Шмат якім беларусам відаць цяжка зразумець, што трэба салідарна бараніцца ад забойчай Расеі, якая зьбіраецца ўваліцца на нашу зямлю пад прыкрыцьцём “інтэграцыі ў саюзную дзяржаву”.

Юрка Марозаў