КРЭМЛЬ МАНІПУЛЮЕ

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін правёў шэраг кадравых перастановак — у прыватнасьці падвысіў Сяргея Іванова да пасады першага віцэ-прэм'ера Расеі. Чакаецца (нібыта), што Сяргей Іваноў і яшчэ адзін першы віцэ-прэм'ер Дзьмітрый Мядзьведзеў будуць асноўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за расейскае прэзыдэнцкае крэсла ў 2008 годзе.

Паводле Пуціна, прынята рашэньне аб “пашырэньні сфэры адказнасьці Іванова”. Былы міністар абароны Расеі мае каардынаваць цяпер ня толькі вайскова-прамысловы комплекс, але й частку цывільнага сэктару эканомікі.

Падвышэньне Іванова дае яму той самы статус, які мае ў найвышэйшым расейскім кіраўніцтве Дзьмітрый Мядзьведзеў. Як дапускаюць цяпер адпаведныя расейскія аналітыкі, выраўноўваньне статусаў Іванова і Мядзьведзева сьведчыць пра тое, што Пуцін дасюль канчаткова ня вызначыўся з кандыдатурай свайго наступніка.

На думку палітычнага камэнтатара расейскай “Новай газеты” Сяргея Муліна, пуцінская рэарганізацыя дае Іванову і Мядзьведзеву роўныя стартавыя ўмовы ў будучай выбарчай кампаніі:

Мулін: “Гэта цалкам укладаецца ў тую канцэпцыю, пра якую гаварыў прэзыдэнт падчас сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі: тое, што нашую краіну чакае свабодны выбар з двух кандыдатаў. Толькі ён не сказаў пра тое, што гэта будуць два кандыдаты Крамля”.

(Паводле радыё Свабода. Юрась Бушлякоў)