“ЭЎРАКАМУНІСТЫ” Ў ІТАЛІІ

20 лютага 2007 г. Італьянская газэта “La Repubblica” публікуе інтэрвію са старшынём парляманту “эўракамуністы” Бэрціноці. Бэрціноці ўзначальвае камуністычную партыю Італіі пад назовам “Камуністычнае Аднаўленьне”, але журналіст пытаецца ў яго пра “Чырвоныя брыгады”. Апошнім часам у Італіі актывізавалася тэрарыстычная дзейнасьць гэтых левых баявых структураў, якія былі разгромлены ў 1980-я гады. Бэрціноці распавядае пра праблему, цытуе Папу Яна Паўла ІІ, які асуджаў тэрарызм. Нагадвае таксама, што падчас сваіх візытаў у камуністычныя ячэйкі па ўсёй краіне, ён загадваў здымаць са сьценаў райкамаў партрэты Сталіна.

Наш камэнтар: Вось такі камуніст. Папу цытуе і Сталіна “не жалует”... Што ж гэты Бэрціноці не згадаў ані слоўцам, што левыя “Чырвоныя брыгады” вучыліся тэрарызму ў Маскве, карміліся з савецкага бюджэту, рабілі тэракты, як той казаў — “с Лениным в башке и с наганом в руке...”? А згадваць пра гэта ў сёньняшняй Італіі “нямодна”. Бо настаў новы пэрыяд стракатай гісторыі гэтай вялікай краіны. Непасрэдна пасля краху СССР адбыўся крах прывязанай да саўдэпіі ўшчэнт скарумпаванай палітычнай сістэмы Італіі. Пры чым, пасыпалася ня толькі кампартыя (дзе лідэрамі служылі сёньняшні (праўда, ужо амаль учарашні) прэм'ер Італіі Рамана Продзі і згаданы Бэрціноці), але і нібыта правая “хрысьціянская дэмакратыя” (дзе не засталося ўжо нічога хрысьціянскага і дэмакратычнага). Завалілася ўсё. І вось праз паўтары дзесяцігоддзі бязладдзя камуністы зноў выйшлі на першыя ролі ў магутнай заходняй краіне.

Можа гэта ўстрывожыла каго-небудзь у Эўразьвязе? Ды не, сам Рамана Продзі служыў у Брусэлі старшынём Эўракамісіі — “наш чалавек”. Цяпер “эўракамуністы” ашчасьліўліваюць сваю радзіму. Ім не замінаюць у гэтым выказваньні уцекачоў з Масквы (напрыклад, А. Літвіненкі) аб тым, што Бэрціноці, Продзі і іншыя доўгія дзесяцігоддзі былі шчыльна зьвязаны з КГБ. Разам з “камуністычным аднаўленьнем” на Захадзе аднаўляюцца і гэбоўскія “чырвоныя брыгады”. Гэта, безумоўна, непакоіць Бэрціноці. Але самага галоўнага ён не гаворыць. Кліенты Лубянкі ніколі не здадуць “товарішчей”. Не, ня трэба беларусам чакаць салідарнасьці ад такіх лідэраў “заходняй дэмакратыі”, якія так безадказна трактуюць уласную краіну.

Юрка Марозаў