ЛЮСТРАЦЫЯ: ЧАРГОВЫ ТУР

21 лютага 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” піша пра чарговую акцыю разьвітаньня дэмакратычнай краіны з гэбоўскай мінуўшчынай. У архівах чэхаславацкай спэцслужбы StB дасьледчыкі знайшлі нядаўна невядомыя раней тэчкі з дакумантамі. З папераў стала вядома, што ў 1990-я гады банкаўска-фінансавай дзейнасьцю ў Чэхіі кіравала сетка вэтэранаў чэшскага камуністычнага гэбэ. Дырэктар Нацыянальнага Банку Чэхіі Ёзэф Тамашэўскі (агент са стажам) атачыў сабе “провереннымі товарішчамі із органов”. Ключавыя пазыцыі ў банкаўскай справе займалі агенты, падпарадкаваныя Лубянцы: тов. Брук (мянушка Кубр), Заграднік, Непімахава.

Наш камэнтар: Можна ўявіць сабе, якую шкоду вызваленай ад дыктатуры дзяржаве прынесьлі гэтыя лубянскія кліенты. Цяпер зь імі ў Чэхіі будуць абавязкава разьбірацца ў адпаведнасьці з Законам. У гэтай сувязі ўзьнікаюць беларускія паралелі фінансава-гэбоўскай справы. З такімі кадрамі, як вечна усьмешлівы “банкір” Пракаповіч ўсё даўно зразумела. Але ёсьць яшчэ падтып “банкіраў новай хвалі”. Такая, напрыклад, постаць, як тав. Тур (мянушка Рут). Памятаем, як у 1990-я гады гэты нэакапіталіст нават выступаў пару разоў на дэмакратычных канфэрэнцыях пра рэформы ў Беларусі (яго туды паслужліва запрашалі некаторыя гнуткія дэмакраты). Памятаем, як гэты Тур гладка гаварыў з трыбуны з цынічнай усьмешачкай: “Не надо абсолютизировать понятие государственной независимости. Это — не самое существенное...”

Пасьля ўсталяваньня прамаскоўскай дыктатуры Тур пачаў рабіць галавакружную кар'еру. Цяпер ён служыць нам. міністра фінансаў РБ. Вынікі дзейнасьці гэтага рэфарматара агульнавядомыя. Але вось жа цікава, Тур рэгулярна засьвечваецца ў шэрагах грантаўскай фронды. Дакладней ня ў шэрагах, а каля іх (мабыць, прыглядае за тым, каб фінансавыя грантаўскія плыні з Захаду не міналі шклоўскага рэжымнага куфра). Напрыклад, у студзені 2004 г. дзяжурная па Эўразьвязе Ірляндыя накрыла стол у піўным рэстаране “Ракаўскі Бровар” у Менску (гістарычнае месца патаемных сустрэчаў псэўдаапазыцыі і антынароднага рэжыму). З Масквы прыехаў амбасадар Ірляндыі з сакратарамі, каб прыняць фінансавыя замовы “на барбу за дэмакратыю” ад Вячоркі, Бяляцкага, Лебедько і іншых “дзяцей капітана Гранта”. Стол быў вялікі і поўны пачастункаў. Але тав. Тур чамусьці сядзеў не разам са “стольнікамі”, а па суседству. Ён толькі прыглядаў за паводзінамі псэўдаапазыцыйных кліентаў ды прыязна пасьміхаўся. З даўняга часу тав. Тур тлумачыць фінансавую палітыку рэжыму з экранаў БТ. Апошнім разам ён яскрава пераконваў беларусаў, што “правительство платит нам значительно больше, чем мы вырабатываем, отчего растёт инфляция”. Калі гэты “рэфарматар” і “каляапазыцыянэр” спадзяецца ў будучыні пазьбегнуць таго, што яму належыцца, то ён, відаць, памыляецца.

Юрка Марозаў