СПЭЦДАМЫ ДЛЯ ЧЭКІСТАЎ

Часам здаецца стаў бы (ад усяго што бачыш) велічна-глыбакадумным назіральнікам нашай сучаснасьці (такім, як Карбалевіч і шэраг іншых “экспэртаў” на радыё Свабода). Але не атрымліваецца, раз-пораз разьбірае саркастычны сьмех. Ну, вось, калі ласка, паведамленьне маскоўскіх СМІ ад 22 лютага. Начальнік ФСБ Патрушаў распавядае пра свой клопат аб супрацоўніках лубянскай канторы. У Маскве і Пецярбурзе будуюцца хмарачосы для чэкістаў, цэлыя спэцкварталы засяляюцца “провереннымі товарішчамі”. “І ўсяроўна, — заклапочана кажа тав. Патрушаў, — на чарзе па жыльлё застаюцца 33 тысячы супрацоўнікаў ФСБ...” Суровая статыстыка! Так і бачыш, як гэбісты пасьля дзяжурства сьпяць на вакзалах, у калектарах каналізацыі і на паддашках, як пасьля выкананьня чарговага заданія родіны дзяржынцы зьбіраюць бутэлькі і калупаюцца ў сьметніках разам з бамжамі... А калі сур'ёзна, то мясцовы філіял лубянскай канторы дэманструе якраз зусім іншыя карцінкі чэкісцкага камфорту. Прафэсіяналы-будаўнікі распавялі нам, як іх нанялі на будоўлю спэцдому для чэкістаў на вул. Філімонава ў Менску. Рабочых уразілі кватэркі па 100 квадратных мэтраў ды іншыя “скромные прелесті” цывілізацыі. Працавалі яны ўдарна, спадзяючыся на прэміі. Але лубянцы аказаліся прыжымістымі, сунулі кожнаму па звычайнаму дзяржзаробку ды папрасілі не распавядаць нікому пра іхны “сакрэтны аб'ект”...

Юрка Марозаў