ЕЛЕЙНАЕ ПЛЯВАНЬНЕ БЕЛАРУСАМ Ў ТВАР

ТБМ і Саюз Пісьменнікаў Беларусі пачалі збор подпісаў супраць пабудовы ў Кобрыне будынка РПЦ, прысьвечанага кату беларускага народу Сувораву. Зразумела, што гэтая ідэя прышла на розум не самым кобрынскім правінцыялам-настальгікам па расейскай акупацыі. Яе падкінулі мясцовай агентуры непасрэдна з Крамля. Наколькі вядома, ідэя абсурдная нават паводле фармальных прыкметаў. А. Сувораў пакуль яшчэ ня высьвечаны ў сьвятыя РПЦ. Нельга будаваць хрысьціянскі храм у гонар неканананізаванай асобы. Але для лубянскіх бацюшак гэта не праблема — абы беларускую зямлю спаганіць у каторы раз.

Расейскія СМІ камэнтуюць пратэст беларускіх пісьменьнікаў супраць псэўдаправаслаўнай сувораўшчыны ў цікавай ілюстрацыйнай абалонцы. Ілюстрацыяй служыць не партрэт самога генэралісімуса, не ягоныя кобрынскія “почітателі”, якія шчыра гукаюць: “А Москва нам на это деньгі даёт!” Тэксты суправаджаюцца фотасьведчаньнем “ушанаваньня славы русского оружія і лічно тов. Суворова” за мяжой. А менавіта здымкам помніка сувораўскаму корпусу ў швайцарскіх Альпах, адкуль ён ледзь уцёк пад ударамі французкай рэвалюцыйнай арміі ў 1799 годзе. Каля манумэнта лунаюць швайцарскі і расейскі дзяржсьцягі. Італьянскія, швайцарскія і іншыя аматары расейскай гісторыі могуць колькі заўгодна ўшаноўваць “чудо-богатырей” і махаць іхным трыкалёрам. Розьніца паміж намі і імі палягае ў тым, што Сувораў і ягоныя галаварэзы пастралялі-папалілі на іхнай тэрыторыі ўсяго на працягу некалькіх месяцаў ды й пакаціліся дахаты. А вось у нас пасьля сваіх эсэсаўскіх злачынстваў яны засталіся на 200 гадоў. І цяпер зноў вылазяць з магілы ды палохаюць нашых сучасьнікаў.

Янка Базыль