“АГРАГАРАДКІ” — ЭТНІЧНАЕ РАЗБУРЭНЬНЕ Ў ДЗЕЯНЬНІ

Антычалавечыя экспэрымэнты з сельскай гаспадаркай і сялянамі не былі вынаходніцтвам Сталіна і бальшавіцкай тыраніі. Бальшавікі творча разьвілі багаты крывавы досьвет царскага імпэрскага рэжыму: апрычніны Івана Жахлівага і далейшага ўдасканальваньня прыгоннага рабства. Яны нават перанялі дэмагагічныя прыёмы, якімі карыстаўся “царь-освободітель” Аляксандр ІІ, калі ў 1861 г. была абвешчана адмена прыгоннага права (а на самой справе народ застаўся ў абсалютнай залежнасьці ад фэадалаў).

Рэжым ў Беларусі ўжо на працягу трэцяга году праводзіць фэадальны экспэрымэнт пад назовам “аграгарадкі”. Большасьць агромністых сумаў грошай, прызначаных на новыя “кібуцы”, рэжымная вярхушка раскрала і змарнавала. Але ў некаторых месцах нашай краіны гэтыя монстры былі рэалізаваныя. Пра іхную эканамічную эфэктыўнасьць мы ня чулі. А вось пра сацыяльны эфэкт сьведчаць справаздачы і расповеды мясцовых медработнікаў. Насельніцтва аграгарадкоў апантана сьпіваецца. Нарколягі ня ведаюць, што рабіць. Перад маштабамі чалавечай катастрофы ў іх апускаюцца рукі. Прычыны няшчасьця зразумелыя. Тысячы людзей былі брутальна адарваны ад сваёй зямлі, сагнаны ў чужое месца і ўключаны ў абсурдны антыгаспадарчы працэс. На жаль, замест таго, каб абараніць сваю зямлю і волю, многія беларусы абіраюць шлях алкагольнага “пратэсту”.

Валеры Буйвал