ЧАРГОВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў МАСКВЕ

6 сакавіка 2007 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляе пра чарговае забойства ў Маскве. Журналіст газэты “Коммерсант” Іван Сафронаў выпаў з пятага паверху дому, у якім пражываў, і разьбіўся насьмерць. Ягоныя калегі ўпэўненыя, што яго забілі (ён упаў з вакна, што знаходзіцца на лесьвічнай пляцоўцы). Сафронаў працаваў у газэце аглядальнікам вайсковых тэмаў. Шмат пісаў пра пастаўкі расейскай зброі рэжымам-ізгоям у Сірыі і Іране. Ён адзіны, хто летась паведаміў пра трэці няўдалы запуск расейскай ракеты “Булава” (за гэта яго дапытвалі ў ФСБ). У апошнія гады Расея па колькасьці забітых журналістаў заняла трэцяе месца пасьля Ірака і Алжыра.

Наш камэнтар: Расейскія СМІ ўдакладнілі, што Сафронаў зьбіраў матар'ялы і ўжо перадаў у рэдакцыю некаторыя тэксты (іх не друкавалі, баючыся рэакцыі ФСБ) пра гандаль зброяй. Мужны журналіст пісаў пра пастаўкі ракетаў “Іскандер-Э” і зьнішчальнікаў Су-30 у Сірыю, зенітна-ракетнага комплексу С-300В у Іран. Прычым, Сафронаў адкрыў факты пра “беларускі калідор” продажу і перапраўкі гэтай сучасьнейшай зброі дзікім рэжымам. Прычына замаху на ягоная жыцьцё зразумелая. Такім чынам, пра “беларускі калідор”, ганебную практыку прамаскоўскага рэжыму на міжнароднай арэне і іншыя справы паведамляў маскоўскі журналіст. Мясцовая публіка ад пяра і гранта такімі тэмамі “не цікавіцца”.

Юрка Марозаў