ТЫСЯЧЫ ВАЙСКОЎЦАЎ-БЕЛАРУСАЎ ЗАГІНУЛІ Ў ІСПАНІІ

24 сакавіка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра дыскусіі ў Сэнаце Гішпаніі. Гішпанскія парлямантары заявілі, што іхная краіна задбае аб польскіх вэтэранах, якія змагаліся ў грамадзянскай вайне 1936-39 гг. Яны сьцьвярджаюць, што вэтэранам пагражае люстрацыя, якая распачынаецца ў Польшчы. На гэта палітык з польскай партыі “Права і Справядлівасьць” А. Мулярчык заявіў, што калі гэтыя вэтэраны пасьля вяртаньня з Гішпаніі не запісаліся ў СБ (спэцслужбы камуністычнай Польшчы, падпарадкаваныя Лубянцы), то ім “нішто не пагражае”. У Польшчы цяпер засталося жывых 25 вэтэранаў польскай брыгады імя Дамброўскага, якая змагалася на баку рэспубліканцаў супраць франкістаў. У сувязі з мадрыдскімі заявамі ў Польшчы пачалася гарачая дыскусія. Некаторыя заяўляюць публічна, што “усе “дамброўшчыкі” былі камуністамі і змагаліся ў Гішпаніі не за Польшчу, а за Сталіна”. Старшыня хаўрусу вэтэранаў-“дамброўшчыкаў” пакрыўджана аргумэнтаваў, што яны “былі ідэалістамі, якія змагаліся ў Гішпаніі супраць фашызма”.

Наш камэнтар: Ціха толькі ў Беларусі. Для нас афіцыйна не існуе гэтая тэма. Беларусы гінуць на чужых войнах і нашае грамадзтва ня ведае пра гэта нічога. Так было 60 гадоў таму, так і было і ўчора — у Магадзіша. Вядома, што тысячы вайскоўцаў-беларусаў былі пасланы крамлёўскай уладай на грамадзянскую вайну ў Гішпанію. Іх называлі “вайсковымі дарадцамі”. Але дарадцы сядзяць у бункерах ды штабах, вучаць абарыгенаў на палігонах ды стрэльбішчах. А нашы мужчыны, — танкісты, пехацінцы, авіятары, артылерысты, камандзёры, — былі разам з гішпанскімі рэспубліканцамі ў самай гушчы бою. Большасьць зь іх загінула. Тыя, што вярнуліся пасьля перамогі франкістаў у “нялюдскую зямлю” (як беларускі народ называў савецкую Расею), амаль пагалоўна былі расстраляныя НКВД (бо “слішком много зналі”). Адзінкам зь іх пасьля хрушчоўскай адлігі ў Беларусі паставілі помнікі і іхнымі імёнамі назвалі вуліцы. Але дагэтуль невядомая ані статыстыка, ані поўны маштаб гішпанскай трагедыі беларусаў.

А вось нядаўна малады беларускі гісторык Юры Грыбоўскі ў сваёй кнізе пра беларусаў, якія змагаліся ў польскіх вайсковых фармаваньнях, апублікаваў дадзеныя пра прынамсьці 100 беларусаў, байцоў брыгады імя Дамброўскага. Новае пакаленьне беларускай гістарычнай навукі разумее, што так, як раней, жыць нельга. Трэба жыць у праўдзе, культурны народ павінен ведаць і шанаваць сваіх герояў і пакутнікаў. Гэта павінна ведаць усё нашае грамадзтва.

Валеры Буйвал