ВЯЛІКІ ПШЫК, ЯКІ ЎДАЎСЯ ПЛАНІРОЎШЧЫКАМ

Пасьля Дня Волі з расповедаў удзельнікаў і сьведкаў паступова вырысоўваецца карціна падзеяў гэтага дня. Вядома, што сёлета рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары падрыхтавалі даволі новы сцэнар падзеяў. Яны ня вывелі на вуліцы сталіцы калёны бранетэхнікі (як у 2000 г.), не паказвалі па БТ гнюсныя кінапасквілі пра беларускіх патрыётаў. На працягу некалькіх тыдняў “невядома хто” заляпіў Менск налепкамі з партрэтам Мілінкевіча, які заклікае да “дня народного едінства”. Упершыню за гады змаганьня гэбоўскія “творцы” надрукавалі нават налепкі з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, але побач са шматай БССР-РБ. Такім чынам, ужо падрыхтоўка да Дня Волі вызначалася імкненьнем канторы і канторскай псэўдаапазыцыі канчаткова заблытаць і дэзарыентаваць людзей. Псэўдалідэры запрашалі моладзь прысьці на плошчу Каліноўскага (бо ведалі, што маладыя ўсяроўна пойдуць на плошчу). Але на самой справе 25 сакавіка яны рабілі ўсё, каб як мага хутчэй і як мага далей адвесьці пратэстную моладзь ад цэнтру сталіцы і плошчы Каліноўскага. Пры чым, павялі іх у розныя канцы — у тупікі і пасткі, пад паліцэйскія палкі і арышты.

Пажылыя людзі расказваюць, як па праспэкце Скарыны рускамоўныя гэбісты ў цывільным накіроўвалі ў бок Акадэміі навук групы моладзі пад нацыянальнымі сьцягамі. “Цывільныя” актыўна выштурхоўвалі з калёнаў старэйшых па ўзросьце людзей. Мабыць, баяліся, што старэйшыя скажуць маладым: “Куды ж гэта вы ідзецё? Куды вядзе вас Мілінкевіч з канторай?”

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ ня ўдзельнічалі ў прафанацыі. Яны правялі сваё ўрачыстае мерапрыемства каля помніка Максіму Багдановічу ў цэнтры сталіцы. Крыўдна было глядзець, як групы маладых людзей накіроўваюцца сьледам за зазываламі прэч ад цэнтру. У чарговы раз грантаўскае начальства псэўдаапазыцыі завяло тысячы маладых на пустое месца, дзе немагчыма было арганізаваць сапраўднае сьвяткаваньне і сапраўдны пратэст. Побач зь Мілінкевічам і кампаніяй перад мікрафонам стаялі “дорогіе московскіе гості”. “Госьць” Рыжкоў абяцаў, што “Кремль окажет поддержку белорусской демократии” (той самы Крэмль, які заўчора забараніў партыю самога Рыжкова).

З “гостямі” усё зразумела. А вось многія ўдзельнікі заўважылі, што мілінкевічы-вінцучкі аніразу не вымавілі слова “незалежнасьць”. Тым больш аніразу не згадалі, супраць каго вядзецца барацьба за незалежнасьць Беларусі. Вячорка назваў лукашызм “бервяном на нашай дарозе”. Вось жа ізноў яны пра сваё (“інтеграція с Россіей, но без Лукашенко”). Пасьля стаяньня насупраць Акадэміі навук частка моладзі накіравалася да “чупа-чупса” (“національной бібліотекі”), дзе рэжым арганізаваў скокі пад лёзунгам “незавісімості”. Там на сцэне раўла расейская папса, агаляліся мясцовыя безгалосыя “дзівы”. Але рэжым так напалохаўся набліжэньня калёнаў моладзі пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, што загадаў спыніць “концерт” на адну гадзіну раней, чым было заплянавана. Калі натоўп разьзявакаў і публікі ад БРСМ не разыходзіўся дастаткова хутка, то іх пачалі паліваць вадой з палівальных машынаў. Мокрыя бэрэсэмы беглі па ўсім праспэкце Скарыны...

У той жа час адбываліся сатанінскія скокі на тэрыторыі аэрапарта “Менск-1”. Рэжыму было напляваць на чалавечую трагедыю беларускіх авіятараў, якія загінулі 23 сакавіка ў Магадзіша. Вынікі ўсяму падвёў перад журналістамі Мілінкевіч: “Мы добились, что режим хотя бы частично признал праздник независимости...” Колькі ж яшчэ наша моладзь будзе хадзіць сьледам за гэтай фальшывай публікай?

Янка Базыль