“МЫ НЯ БУДЗЕМ ЗАЙМАЦЦА ГЭТАЙ СПРАВАЙ...”

28 сакавіка 2007 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” піша пра музэйную дыскусію ў Партугаліі. Тамака знайшліся “энтузіясты”, якія патрабуюць стварыць пэрсанальны музэй Антоніу Салазара (правага дыктатара, які кіраваў Партугаліяй у 1932–68 гг.) у доме ў ягонай роднай вёсцы. На гэта прадстаўнікі міністэрства культуры адказалі, што “мы ня будзем займацца гэтай справай”.

Наш камэнтар: Музэйная галіна культуры толькі наіўным можа падавацца нечым адарваным ад жарсьцяў сёньняшняга дня, ад палітычнай кан'юнктуры і прапаганды. Постсавецкія людзі памятаюць музэі, якіх ужо няма: “музей подарков товарішчу Сталіну”, “музэй-зямлянку”, з якой тав. Хрушчоў кіраваў абаронай Кіева ў 1941 годзе, агромністы музэй Леніна ў тым жа Кіеве (горадзе, дзе “вождь” аніразу ня быў; але ленінскі музэй зжыраў амаль палову музэйнага бюджэту УССР), брэжняўскі музэй “Малая Зямля” (прысьвечаны заштатным баям каля Наварасійска, якія крамлёўская прапаганда на поўным сур'ёзе прыраўняла да Курскай дугі і Сталінграда) і г.д. У БССР быў (можа існуе й цяпер) правінцыйны музэй ў гонар асушальнікаў балотаў на Палесьсі (кампанія па камандзе з Масквы нанесла ў 1960-я гг. вялізазную шкоду нашай экалёгіі).

Апошнім часам мы назіраем бум “велікой русской культуры” на сталых экспазыцыях нашах нацыянальных музэяў. Галоўны будынак Нацыянальнага мастацкага музэю ў сталіцы цалкам (і як здаецца некаторым, назаўсёды) заняты расейшчынай, беларускае мастацтва загналі на задворкі. Практычна зьнішчана варварскай “рэстаўрацыяй” хата, у якой нарадзіўся ў Бычках вялікі Васіль Быкаў. У літаратурных музэях выстаўлены на галоўных месцах выпадковыя рускамоўныя паперы, што выдаюцца нечым галоўным у творчым жыцьці беларускіх літаратараў. Актыўна праводзяцца экскурсіі ў “музэйным комплексе” на тэрыторыі калгаса, дзе “дум велікіх полн” узіраўся ў будучыню Саша Лукашэнка. Праміне пэўны час, беларусы зоймуцца нармалізацыяй свайго нацыянальна-дзяржаўнага і культурнага жыцьця. Вернуцца на свае ганаровыя месцы каштоўнасьці нашай нацыянальнай мінуўшчыны. А ўсё наноснае і прымітыўна-прапагандысцкае проста зьнікне, бо “мы ня будзем займацца гэтай справай...”

Валеры Буйвал