“АБОЕ РАБОЕ”

27 і 28 сакавіка НТВ паказала два дакумэнтальна-мастацкія фільмы пра антыбальшавіцкіх расейцаў пісьменьніка Буніна і філёсафа Ільіна. Абодва інтэлектуальныя аўтарытэты шчыра ненавідзелі бальшавізм і рэвалюцыю. Ільін выразна выказаўся яшчэ ў 1917 годзе пра новую ўладу: “Создано неслыханное по гнюсности государство...” Сваё жыцьцё яны выратавалі за мяжой, на Захадзе. Але ў чарговы раз беларусы пераконваюцца ў тым, што для нас і нашага нацыянальнага інтарэсу “абое рабое” — што белагвардзейцы, што чырвонаармейцы. Для першых і для другіх — Россія едіная і неделімая, толькі пафарбаваная ў розныя колеры ў залежнасьці ад крамлёўскіх уладароў. У сваіх кніжках пра будучыню Расеі, пра бальшавізм і рускую культуру Ільін аніразу не згадаў імёны народаў, прыгнечаных расейцамі ў іхнай імпэрыі. Для яго ўсе (у тым ліку і мы — беларусы) ёсьць “Россія”. Ён усё жыцьцё аплакваў царскае самадзяржаўе.

Трошкі больш клопату для аўтараў фільма нарабіў Бунін. Так камэнтуючы ягоныя адносіны да гітлерскай агрэсіі супраць СССР у 1941 годзе, вядучы паведаміў: “Бунин очень опечалился, узнав о захвате немцами 30 июня очередного русского города...” Зразумела, што йдзецца пра наш Менск. Якія яны былі, такія і засталіся. Той, хто запрашае “русскіх демократов” выступаць на беларускіх мерапрыемствах на Дзень Волі, ведае, што запрашае ворагаў Беларусі. Гэта павінны ўрэшце зразумець і тыя беларусы, якія выслухоўваюць прамовы “демократов” пра “Кремль, которому нужна демократическая Белоруссия” і ня гоняць гэтых мілінкевіцкіх гасьцей на вакзал.

Янка Базыль