ЖОЎТАЯ ЛІХАМАНКА Ў РАСЕІ

29 сакавіка 2007 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра расейскія рэзэрвы золата і замежнай валюты. На гэтым тыдні яны павялічыліся на 10,9 мільярдаў доляраў і склалі ў цэлым 332,6 мільярдаў. На мінулым тыдні рост склаў 4,4 мільярды.

Наш камэнтар: Вядома, на чым засноўваецца гэты шалёны, непараўнальны рост залатой плыні ў Расеі. Працягвае дзейнічаць нафтава-газавая кан'юнктура, крамлёўская мафія аптымістычна гукае: “На наш век хватіт!” У той жа час мільёны расейскіх грамадзянаў жывуць і паміраюць у жудаснай галечы. Успамінаецца старажытны цар Фрыгіі Мідас, у якога таксама быў пэрыяд залатой “ліхаманкі”. Багі спыталі ў яго, чаго ён хоча. Мідас папрасіў, каб усё, да чаго ён будзе дакранацца, станавілася золатам. І ў хуткім часе памёр ад голаду, бо хлеб у ягоных руках ператвараўся ў жоўты мэтал. Ужо заўважана, што нават нясхільныя да мэтафараў эканамісты і фінансісты з розных краінаў кваліфікуюць расейскую залатую ліхаманку як вельмі нездаровую зьяву, як сімптом набліжэньня краху Імпэрыі Зла.

Валеры Буйвал