ГАВАРЛІВЫ ЁШКА

4 красавіка 2007 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” цытуе лекцыі Ёшкі Фішэра. Былы міністар замежных справаў ФРГ ва ўрадзе Шродэра цяпер працуе прафэсарам у Прынстанскім унівэрсітэце ў ЗША. Ён тлумачыць амэрыканцам палітыку цяперашняга Эўразьвязу, распавядае пра адзінства Эўропы. Гэтае адзінства неабходнае, бо Эўропе пагражаюць сваім імклівым разьвіцьцём азіяцкія гіганты Індыя і Кітай. Фішэр падкрэсьлівае таксама, што трэба не дазваляць Пуціну выкарыстоўваць энэргетычныя пастаўкі ў якасьці палітычнай зброі.

Наш камэнтар: Гучыць гэта ўсё даволі лягічна і рацыянальна. Але слухаючы сёньняшняга Фішэра-тэарэтыка, давайце ўспомнім колішняга Фішэра-практыка. Што ж прынстанскія студэнты не папросяць партайгэносэ Ёшку расказаць пра ягонае бурнае юнацтва? Яму ёсьць што ўспомніць пра паходы, бойкі і барыкады пад чырвонымі сьцягамі супраць “капіталістычных акулаў Эўразьвязу”, пра шчодрыя маскоўскія ганарары з партыйнай касы. Ён бы мог расказаць шмат пра свайго начальніка Шродэра, які на вачах ва ўсіх зрабіўся бессаромным васалам Крамля і выканаўцам волі Расеі на Захадзе. Менавіта Фішэр разам з прадажным канцлерам завялі Нямеччыну і Эўропу ў пастку энэргазалежнасьці ад расейскіх нафты і газу. Цяпер Ёшка чытае лекцыі. Але нешта ня верыцца ў гэтае кан'юнктурнае пераўвасабленьне хрыстапрадаўцы Саўла ў апостала-абаронцу Эўропы.

Валеры Буйвал