ЛЯМАНТ “ТАЯМНІЧАЙ ДУШЫ”

Прадчуваньні не падманулі беларусаў. У першы ж дзень парляманцкага крызісу ва Украіне мы выказалі на старонцы pbpf.org меркаваньне, што крамлёўцы будуць актыўна набівацца ў пасрэднікі паміж Юшчанкам і распушчаным парлямантам, а да таго ж будуць палохаць украінцаў крывёй і вайной. Трэба прызнаць, мы як у ваду глядзелі. У пасрэднікі палезьлі усе: ад Жырыноўскага да Касачова. А ў расейскіх газэтах ушчаўся несамавіты вэрхал. Цытуем загалоўкі газэткі “Комсомольская правда в Белоруссіі” ад 4 красавіка сёлета: на тытульнай старонцы — “Начнётся ли на Украине гражданская война?”, на другой старонцы — “Идёт ли Украина к гражданской войне”. Камсамольская публіка прапануе беларускаму чытачу шэраг тэкстаў і тэксьцікаў, ад якіх тхне порахам.

Але часам аўтары тэкстаў нечакана шчыра прагаворваюцца і выдаюць “матку-праўду”. Напрыклад, такі М. Шевченко, вядучы тэлепраграмы “Судіте самі”: “У “оранжевых” была в руках сильная великая Украина. Им надо было только дать народу второй государственный язык — русский, сохранить сложившеесе тысячелетиями исконное православие, дать свободу экономике... Надо ли России вмешиваться? Лезть сейчас на Украину? А Россия не может не лезть! Украина — это часть нашей души, нашего тела, нашей крови. Если не лезть на Украину, то потом можно не совать нос в Смоленскую область, Астраханскую...”

Bravo, mаestro, bravissimo! Даўно так адкрыта не лемантавала таямнічая руская душа. Як разумеем, пад “істінным православіем” маецца на ўвазе не спрадвечная сьвятая Грэцкая Традыцыя Хрысьціянства, а маскоўскія бацюшкі ў партупэях. Памятаем таксама, як рознага кшталту “демократы” дундзелі патрыётам-фронтаўцам: “Как же вы не понимаете? Нужно бы схитрить. Отказаться от этого белорусского языка, взять на вооружение язык русский. И власть была бы наша...” (Дадамо: прамінуў час, і мілінкевічы-вінцучкі менавіта так і зрабілі. Ды толькі ва ўладу так і ня ўбіліся). У стане стрэсу масковец прызнаўся, што канчатковае вызваленьне вялікай і магутнай Украіны ад Масквы прывядзе да ланцуговай рэакцыі: будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць і вернецца ва ўлоньне Беларускай дзяржавы акупаваная імпэрыяй Смаленская зямля, будзе свой хан у Астрахані... Калоцяцца імпэрцы, бачаць набліжэньне свайго канца. Спрабуюць уразіць чытача здымкам з Майдана: юнакі трымаюць транспарант — “Киів проти Москви”.

Янка Базыль