ХОЧУЦЬ ЛЕГАЛІЗАВАЦЬ АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ

7 красавіка 2007 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zietung” публікуе рэпартаж з Менску. Журналіста ўразілі кантрасты на вуліцах нашай сталіцы: новыя і старыя аўтамабілі, салёны прыгажосьці, кампутары, рэклямы і маладыя на роліках. Ён пераказвае ўвесь летапіс апошніх зваротаў эўрапейскіх структураў да рэжыму з прапановамі наблізіцца да Захаду пасьля дэмакратызацыі. Пра тое, як “набліжалі Беларусь да Эўропы” Барозу і Саляна. Як спэцдакладчык Парляманскай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні заявіў, што “неабходна зьмяніць адносіны да Беларусі” (маюцца на ўвазе, зразумела, палепшаныя адносіны да антыбеларускага рэжыму). Як старшыня ПАРЭ ван дэр Ліндэн пасьля візыту ў Менск гукаў, што “Менск прадэманстраваў большую, чым раней, гатоўнасьць наблізіцца да эўраструктураў”. Усё гэта газэта падае ў сьвятле “канфлікту Лукашэнкі з Расеяй”. Адыход ад Расеі, паводле журналіста, засьведчаны таксама тым, як “рэжым дазволіў на 25 сакавіка два канцэрты ў дзень незалежнай Народнай Рэспублікі 1918 года”. У гэтым швайцарац бачыць значны прарыў.

Наш камэнтар: Чарговы цурыхскі гастралёр патусаваўся пару дзён у Менску, сустрэўся з Мілінкевічам і Манаевым, паглядзеў, як моладзь езьдзіць на роліках, і накатаў “рэпартаж”. Чытаючы ўсю гэтую пісаніну, разумееш тым ня менш, зь якой пасьлядоўнасьцю і настойлівасьцю эўраструктуры выконваюць свае дамоўленасьці з Масквой па разбурэньню і ліквідацыі Беларускай дзяржавы. Ім важна прадэманстраваць легальнасьць дыктатарскага прамаскоўскага рэжыму, а потым зацьвердзіць легальнасьць далучэньня Беларусі да Расеі, якое павінен (з іхнай дапамогай) зьдзейсьніць легалізаваны антыбеларускі рэжым. Мы ўжо бачым, як актывізавалася мясцовая агентура, распачаўшы штучную кампанію пад крыптонімам “Беларусь — в Европу”. Яны нават подпісы ў Стразбург перадаюць.

Валеры Буйвал