ЧЫСЬЦЯЦЬ ВОЙСКА

11 красавіка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра звальненьне з польскага войска чатырох генэралаў. Паводле афіцыйнай версіі, яны не даюць рады з выкананьнем абавязкаў. Але раздаюцца галасы, што сапраўдная прычына чысткі ў тым, што афіцэрскі корпус вызваляецца ад выпускнікоў расейскіх вайсковых акадэміяў.

Наш камэнтар: Мы можам сказаць на гэта: “Нам бы вашыя праблемы...” У беларускай арміі процьма “засланых казачкоў”, якія аніслова ня могуць сказаць па-беларуску, якія прыбылі непасрэдна з Масквы, каб заняць ключавыя камандныя пасты ў нашым нацыянальным войску. Яны ня крыюцца з нянавісьцю да нашай Дзяржавы, культуры і нацыі, адкрыта заяўляюць, што не зьбіраюцца бараніць Беларусь ад расейскай агрэсіі. Беларус ня можа разьлічваць на нармальную вайсковую кар'еру ў сваім жа войску, яму ўвесь час паўтараюць клясічнае “асадзі назад” на ягонай жа зямлі. Ды яшчэ з высокай трыбуны заклікаюць “быть готовым умереть за Россію”. Наш народ аплочвае тлустыя пэнсіі чужым вайсковым пэнсіянэрам (шэраг зь якіх — ваенныя злачынцы) і гэбэшнікам, будуе для іх кватэры і дачы, адкормлівае гэтую пятую калёну, якая плюе нашаму народу ў твар. Хаця нешта падобнае адбывалася ў пасьляваеннай камуністычнай Польшчы, дзе нават міністар абароны быў савецкі чалавек Ракасоўскі, а арміямі і палкамі камандвалі расейцы, што ня ўмелі размаўляць па-польску. Але настаў 1956 год. Усю гэтую публіку на працягу лічаных дзён палякі выгрузілі са сваёй тэрыторыі і пачалі нармалізацыю свайго дзяржаўнага жыцьця.

Юрка Марозаў