ПУСТАЦЬВЕТ

15 красавіка 2007 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” паведамляе пра выйсьце ў сьвет другога выданьня швэдскага перакладу рамана Васіля Гросмана “Жыцьцё і лёс”. Расказваецца пра драматычны лёс пісьменьніка, ягоную працу ў якасьці савецкага ваеннага карэспандэнта падчас Другой сусьветнай вайны. Знакаміты ў 1960-я гады раман Гросмана прысьвечаны трагедыі пакаленьня людзей, якія сталіся ахвярамі гітлерызму і сталінізму. Галоўны ідэолаг Крамля Суслаў крычаў з трыбуны, што раман “Жыцьцё і лёс” — антысавецкі і яго нельга друкаваць яшчэ дзьвесьці гадоў. Гросман памёр у 1964 г., зацкаваны маскоўскім рэжымам.

Наш камэнтар: Чытаючы рэцэнзію, успамінаеш швэдскія кнігарні. Тысячы тытулаў, горы кніг, яркія вокладкі. І ўсё гэта на роднай мове для васьмі мільёнаў жыхароў Швэцыі. 10-мільённая беларуская нацыя ня можа цяпер марыць пра такі кніжны рай ва ўмовах цяперашняй вайны рэжыму супраць усяго беларускага. І ўсё ж колькі бульварнага сьмецьця і пустой квазілітаратуры сярод швэдскіх кніжак! Блізкая нам, зусім не экзатычная культура, а з беларускіх раманаў за ўсё мінулае стагоддзе быў перакладзены толькі “Кар'ер” Васіля Быкава. На беларускую мову таксама перакладзены толькі паасобныя навэлы і вершы. Шкада. Пасьля набыцьця незалежнасьці Беларусяй на вучобу ў Швэцыю на запрашэньне Швэдскага Інстытута паехалі не беларусы, а некалькі “русскоязычных ребят і девчат” з менскага “ін'язу”. Зразумела, што яны растварыліся сярод русіфікатарскай стыхіі, якая пануе цяпер у РБ. Наперадзе шмат працы у новага пакаленьня беларускіх (сапраўды беларускіх) скандынавістаў. Трэба наладжваць сапраўдныя культурныя сувязі з швэдскай культурай.

Валеры Буйвал