ФАЛЬШЫЎКА АД “ХАРТЫІ'97”

11 красавіка сёлета на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы сумнавядомай “Хартыі'97” было зьмешчана інтэрв'ю з Зянонам Пазьняком, Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якое прагучала на Радыё Свабода (аўтар Сяргей Навумчык). Інтэрвію сп. Пазьняка прысьвечана драматычным падзеям 11-12 красавіка 1995 г., калі па загаду Лукашэнкі ў Авальную залю Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня былі ўведзены войскі. Людзі ў чорных масках жорстка зьбілі дэпутатаў апазыцыі БНФ, якія праводзілі галадоўку пратэсту супраць парушэньня Канстытуцыі Вярхоўным Саветам і супраць антыканстытуцыйнай палітыкі прамаскоўскага рэжыму.

Аднак на старонцы “Хартыі” зьмешчаны ня поўны тэкст інтэрв'ю, а толькі яго частка. Без тлумачэньняў і згоды аўтара С. Навумчыка або сп. Пазьняка тэкст інтэрв'ю тэндэнцыйна і груба скарочаны і прадстаўлены ў абсечаным выглядзе. Цэнзары ад “Хартыі” выкінулі з тэксту вялікія фрагмэнты, у якіх сп. Пазьняк кажа аб псэўдаапазыцыйных дзеячах, якія “альбо тады былі ў хунце, падтрымлівалі Лукашэнку ў гэтай гнюснай справе, альбо, у лепшым выпадку, маўчалі”. Сп. Пазьняк называе іхныя імёны: “Гэта прэм'ер Чыгір, Ганчар, Булахаў, Лябедзька, міністры Лявонаў і Марыніч, Фядута і іншыя. Усе яны ціха маўчалі і ціха радваліся”. З тэкста выкінуты таксама фрагмэнт, прысьвечаны прарасейскаму мітынгу, арганізаванаму палатнікамі Фраловым і Скрабцом на бангалёрскім балоце: “Нядаўна ў Менску два арыгіналы кухоннай думкі на поўным сур'ёзе прыкінуліся сьвяцейшымі за Лукашэнку і абвясьцілі мітынг “едіненія” з Расеяй пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і расейскім трыкалёрам”.

Цэнзары-хартысты выкінулі з тэкста вялікую частку, прысьвечаную сутнасьці імпэрскай антыбеларускай палітыкі, зьнішчэньню беларускай школы, забароне беларускай мовы, русіфікацыі. Паводле “цэнзараў”, “няважным” ёсьць выказваньне сп. Пазьняка аб тым, што грамадзкая дэфармацыя зьяўляецца вынікам антыбеларускай палітыкі, а “усе антынацыянальныя, так званыя “агульнадэмакратычныя” і прамаскоўскія групы стаялі і стаяць на пазыцыі “статус кво”.

Такім чынам, “Хартыя” спрабавала ўвесьці беларусаў у зман, пасеяць думку, што такім і ёсьць тэкст Пазьняка, адвярнуць чытачоў ад чытаньня арыгінальнага тэксту, зьмешчанага на іншых старонках Сеціва. “Агульныя дэмакраты” надрукавалі толькі расповед аб падзеях дванаццацігадовай даўніны. Але яны схавалі ад чытачоў згаданыя сп. Пазьняком імёны і подлыя справы псэўдаапазыцыянэраў, паспрабавалі “зарэтушыраваць” сапраўдную сутнасьць палітыкі прамаскоўскага рэжыму у Беларусі і прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, якая на самай справе зьяўляецца інтэгральнай часткай гэтага рэжыму і праводзіць разам з дыктатурай антыбеларускую праімпэрскую палітыку. Схавана таксама характарыстыка барацьбы паміж чужой імпэрскай прапагандай, акупацыйнай палітыкай і нацыянальным Адраджэньнем.

У выніку атрымаўся інфармацыйны прадукт, які называецца фальшыўкай і плагіятам. Гэтымі ганебнымі мэтадамі дэзінфармацыі “Хартыя” карыстаецца на працягу гадоў з першых дзён існаваньня гэтага псэўдаапазыцыйнага фантома. У чарговы раз у поўнай меры стала відаць падвойнае аблічча гэтай канторскай публічкі. Але марныя у іх спадзяваньні. Нікога ўжо не ўдасца заблытаць.

Янка Базыль