ЯНЫ ЗНОЎ ЗА СВАЁ

21 красавіка 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляе з Босьніі-Герцэгавіны. Урад краіны загадаў пакінуць краіну замежнікам, актывістам агрэсіўнага вахабізму (іх у Босьніі каля 300). Гэтыя актывісты ваявалі супраць сэрбаў падчас апошняй югаслаўскай вайны. Вядома, што Саўдаўская Аравія і іншыя ісламскія краіны падтрымлівалі грашыма і зброяй басьнійскіх мусульманаў, якія баранілі сваю зямлю ад сэрбскіх агрэсараў. На баку басьнійцаў ваявалі цэлыя палкі замежных дабраахвотнікаў. Яны паўплывалі на зьмену традыцыйнага культурна-рэлігійнага становішча ў Босьніі, дзе раней не было ісламскага экстрэмізму.

Цяпер па ўсёй краіне дзейнічаюць вахабісцкія цэнтры. Паўсюль можна пабачыць барадатых фанатыкаў (гэта ўжо мясцовыя мужчыны, выхаваныя на непрыняцьці эўрапейскіх каштоўнасьцяў). У некаторых мясцовасьцях людзі баяцца выходзіць з дому, каб фанаты не “скарэктавалі” гвалтоўным чынам іхныя “нетрадыцыйныя” паводзіны. Вахабіты пагражаюць жанчынам, якія апрануты па-эўрапейску. Адзін з юнакоў забіў сваю маці, калі яна адмовілася выконваць абрад ранішняй малітвы. Ён абмазаўся ейнай крывёю і зьявіўся ў сараеўскую мячэць, каб паведаміць пра “пакараньне адступніцы”. Такога ніколі не было ў мусульманскай абшчыне Босьніі, дзе мусульманаў ёсьць 55% насельніцтва. Самае цікавае зьмешчана ў канцы артыкула. Увага! “Фінансаваньне і падтрымка вахабізму ў Босьніі ў асноўным адбываецца з вахабісцкага цэнтру, што знаходзіцца ў Вене”.

Наш камэнтар: Крывадушны лібэральны Захад (у першую чаргу немцы) нясе адказнасьць за крывавую трагедыю 1991-95 гадоў на Балканах. Нямеччына, а потым і Эўразьвяз падтрымалі тады не народы, якія змагаліся за сваю незалежнасьць, а белградскіх агрэсараў, што ратавалі сваю камуністычную імпэрыю. У выніку — сотні тысячаў ахвяраў, зьнішчаныя каштоўнасьці, ўзаемная нянавісьць народаў і да таго ж укараненьне агрэсіўнай ідэалёгіі вахабізму на поўдні Эўропы. А немцам зусім ня сорамна за ўсё гэта. У немцаў — брусэльская дэмакратыя і “адкрытыя дзьверы”. Антыэўрапейскую, чалавеканенавісьніцкую ідэалёгію і практыку (забароненую законам ў шэрагу ісламскіх краінаў) аплочвае і культывуе, аказваецца, легальны вахабісцкі цэнтар, што знаходзіцца ў сталіцы аўстрыйскіх немцаў. Вось так. Ня трэба зьдзіўляцца, што Аўстрыйскі Банк аплочвае праграму “усталяваньня расейскіх элітаў і захаваньня расейскіх інтарэсаў у Беларусі”, якую будзе выконваць прамаскоўскі “вахабіт” М. Марыніч (мы пісалі пра гэта на старонцы pbpf.org). Немцы і расейцы зноў за сваё.

Валеры Буйвал