ЭЎРАЗЬВЯЗ ПАКРЫВАЕ СТАЛІНСКІ ГЕНАЦЫД

21 красавіка 2007 г. Славацкая газэта “Pravo” паведамляе з Люксэмбурга. Тамака сабраліся міністры юстыцыі краінаў Эўразьвязу і заявілі, што ў ЭЗ будуць цьверда карацца выпадкі адмаўленьня факту галакосту, а таксама распальваньне расавай, нацыянальнай і этычна матывававнай нянавісьці. Цяпер ў ЭЗ за такія злачынствы будуць даваць да трох гадоў турмы. Але асобным краінам дазваляецца прымаць яшчэ больш суровыя захады супраць злачынцаў.

Наш камэнтар: Трэба, безумоўна, вітаць гэтае рашэньне. Але ў Эўрапарляманце і вакол яго падчас люксэмбургскага абмеркаваньня гучалі галасы аб дзіўнай абмежаванасьці тэмы злачынстваў. Некаторыя эўрадэпутаты (у асноўным з постсавецкіх краінаў), грамадзкія дзеячы і шмат простых грамадзянаў пыталіся: “А чаму адмаўленьне факту галакосту ёсьць злачынствам, а публічнае адмаўленьне факту сталінскіх забойстваў ня ёсьць злачынствам? Чаму дагэтуль не пакараны многія злачынцы, не забаронена антычалавечая камуністычная ідэалёгія?” На гэтых людзей зашыкалі з Брусэля і Люксэмбурга і зрабілі выгляд, што ня чуюць іх. І зразумела, чаму ўсё так. У без таго ружовы Эўрапарлямант падключыліся дэпутаты з новых краінаў. Сярод іх шэраг носьбітаў згаданай антычалавечай ідэалёгіі (толькі яны цяпер называюцца не камуністамі, а сацыялістамі). Напрыклад, баўгарская дэлегацыя амаль цалкам сшыхтавана пад чырвоным сьцягам. Ня трэба забывацца таксама, што скарумпаваная брусэльская эліта знаходзіцца на ўтрыманьні Масквы, дзе, як вядома, адбываецца імклівая рэстаўрацыя клясічнага гэбізму-бальшавізму. Такім чынам, пакуль існуе гэтая мафійная “змычка” Брусэля і Крамля, пакуль у Эўропе кіруюе расейская кліентура, усхваленьне “камуністычнага раю” ня будзе лічыцца злачынным актам.

Юрка Марозаў