РАСЕЙСКІ ВАНДАЛІЗМ Ў ЭСТОНІІ

29 красавіка 2007 г. Латвійская газэта “Diena” піша пра распаўсюджваньне расейскага вандалізму на паўднёвы захад Эстоніі (там даволі шчыльна жывуць “русскоговоряшчіе”). У Нарве, Кохтла-Ярвэ, Ёхвэ і некаторых іншых гарадах і паселішчах расейскія банды грамілі гарадзкую маёмасьць. Паліцыя злавіла аднаго маладзёна з баявой гранатай у кішэні. У Таліне паліцыі ўдалося зьбіць брудную хвалю пагромаў. У параўнаньні з папярэднімі гэтая ноч была больш спакойнай, адбыліся некалькі інцыдэнтаў. Эстонская паліцыя зьвярнулася да мужчынаў з заклікам абараніць родны горад. Ужо праз некалькі гадзінаў вуліцы патрулявалі 600 дабраахвотнікаў эстонскай самаабароны. Паліцыя адкрыла таксама адмысловы інтэрнэт-сайт, на якім разьмешчаны відэа- і фотаматар'ялы, зробленыя на месцах пагромаў. Людзі пачалі актыўна ідэнтыфікаваць расейскіх злачынцаў. Хакэры тэрмінова атакавалі гэтую інтэрнэт-старонку і шэраг іншых урадавых сайтаў. Паліцыя адкрыла новыя старонкі.

Наш камэнтар: Кіраўніцтва і праваахоўчыя службы Эстоніі дзейнічаюць упэўнена і адэкватна. Драматычныя падзеі дэманструюць таксама народную згуртаванасьць эстонцаў. Успамінаецца падобная сітуацыя, што склалася на Беларусі колькі гадоў таму. Тады пад Бабруйскам і на Гомельшчыне (зразумела, з дазволу ўладаў РБ) праводзілі свае “вучэньні” нейкія юнацкія групы баевікоў з сібірскага Сургута пад камандай расейскіх афіцэраў. Расейцы так расперазаліся, што наладзілі пагромы ў некалькіх беларускіх вёсках. Маладзёны ў камуфляжы са зброяй, з дзікім ровам і расейскім матам урываліся ў дамы беларусаў і будынкі мясцовай адміністрацыі, білі і катавалі людзей, стралялі над галовамі, ламалі і нішчылі маёмасьць. Пры гэтым яны здымалі ўсё на відэакамэры. Расейскі тэрор працягваўся два дні. Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Зянон Пазьняк зьвярнуўся да беларусаў з заклікам арганізоўваць атрады самаабароны (бо ўлады на пачатку не абаранялі насельніцтва) і даваць адлуп агрэсарам-бандытам. На жаль, мясцовае насельніцтва масава хавалася пад сталы, ложкі і лавы (гэта адлюстравана на відэаздымках), практычна ніхто ня выйшаў са стану разгубленасьці. Затое разам з рэжымам на сп. Пазьняка накінулася ўся псэўдаапазыцыйная публіка: “Да как он посмел?! Какая самооборона!..” Наступным разам беларусы павінны дзейнічаць адэкватна.

Янка Базыль