“КІРАЎНІКІ ІТАЛІІ ЗНОЎ БАЯЦЦА...”

3 траўня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” друкуе артыкул пад тытулам “Кіраўнікі Італіі баяцца, што зноў зьявяцца “Чырвоныя брыгады”. Грамадзкі і ўладны непакой выклікалі пагрозы забойства, якія атрымалі арцыбіскуп А. Баньяска, старшыня Біскупскай канфэрэнцыі Італіі, і С. Кафэраці, мэр Балёньі. 12 лютага сёлета паліцыя арыштавала ў розных гарадах краіны 12 асобаў, якія, як мяркуецца, зьяўляюцца актывістамі новай хвалі левай экстрэмісцкай арганізацыі “Чырвоныя брыгады”. Пасьля гэтага па ўсёй краіне актывізавалася дзейнасьць падпольных структураў. Ва ўнівэрсітэтах, прафсаюзных і грамадзкіх будынках поўна надпісаў з заклікамі да антыдзяржаўнага тэрору, за вызваленьне з-за кратаў “рэвалюцыянэраў-герояў”. Асаблівая актыўнасьць экстрэмістаў назіраецца ў ітэрнэце.

Наш камээнтар: У 1970-80 гады банды “Чырвоных брыгадаў” даліся ў знакі ўсёй Італіі. Сотні забітых і параненых у шэрагу тэрактаў, нападаў, дывэрсіяў, выбухаў — такі быў вынік дзейнасьці “брыгадзістаў”, якіх арганізавала, узброіла і камандвала імі КГБ СССР (чамусьці пра гэта ня згадваюць цяпер ані французкая газэта, ані італьянскае кіраўніцтва). Дзякуючы гераізму такіх людзей, як генэрал паліцыі Далля К'еза, і тысячаў іншых сумленных абаронцаў грамадзтва ад чырвонай пошасьці ўжо ў сярэдзіне 1980-х “Чырвоныя брыгады” былі разгромлены. Падкрэсьлім, што гэта зрабілі менавіта лепшыя прадстаўнікі італьянскага грамадзтва і менавіта насуперак бяздарнасьці карумпаваных уладных структураў Італіі.

На пачатку 1990-х гадоў у Італію прыехалі першыя беларусы. Ім даводзілася час ад часу сустракацца з прадстаўнікамі згаданых бяздарных элітаў. Зьдзівіла надзвычайная бадзёрасьць гэтых элітарных “сеньёраў” у абароне Савецкага Саюза, іхная палымяная любоў да Гарбачова і “перастройкі”. Яны й слухаць не хацелі пра дыктатуру гэбэ, пра вызвольную барацьбу паняволеных саветамі народаў, пра дзікую русіфікацыю. Іх гэтае “статус-кво” вельмі задавальняла. У сьнежні 1991 года беларусы пакпілі зь іх і іхнай самаўпэўненасьці пасьля таго, як у газэтах зьявіліся паведамленьні пра Віскулі і распад маскоўскай імпэрыі (трэба было бачыць іхныя твары!). Але гэтыя “элітарныя” апэратыўна пераключыліся на “дэмакрата Ельцына”, пачалі пераганяць у Маскву фінансавыя плыні падтрымкі парэшткаў імпэрыі. Яны зноў не хацелі слухаць беларусаў, якія казалі ім аб небясьпецы адраджэньня магутнасьці маскоўскага монстра. Лубянскі монстр адрадзіўся і нават заняў Крэмль. У Італіі зноў разгортваецца даўно знаёмая трагедыя. “Кіраўнікі Італіі баяцца...” А ўвогуле, ці здольныя яны вызначыць сапраўдных арганізатараў і натхняльнікаў чырвонага тэрору?

Юрка Марозаў